Салезіянскія валанцеры наведалі Сацыяльны Цэнтр

Салезіянскія валанцеры наведалі Сацыяльны Цэнтр

На іншых мовах: ru
Салезіянскія валанцеры наведалі Сацыяльны Цэнтр

У пятніцу, 10-га студзеня, група моладзі з салезіянскіх араторыяў Смаргоні, Бараўлянаў і Мінска здзейснілі адукацыйны візіт у нашу Місію. Разам з а. Артурам Ляшнеўскім SDB аніматары вучыліся практычнаму служэнню бліжняму ў каталіцкім Касцёле.

“Тэма нашага спаткання “Дай!?”. Гэта сустрэча з курса “Пошук: Моладзь для моладзі”. Мы засяроджваемся з нашымі адзінаццацікласнікамі над тэмай служэння, уменню даваць”, — распавёў салезіянін, — “ідэя нашага спаткання не тэорыя, а практыка. Мы хочам паказаць нашым будучым аніматарам месцы, дзе штосьці даюць іншаму. У Сацыяльным Цэнтры яны не толькі паглядзелі як гэта ўсе працуе, але таксама мелі магчымасць заанімаваць тутэйшых дзяцей”.

Кіраўнік групы, а. Артур Ляшнеўскі, распавёў самараніну, што пры салезіянскай супольнасці існуе моладзевая евангелізацыйная фармацыя для розных узростаў. Моладзь рыхтуецца і вучыцца быць аніматарамі, умець арганізоўваць хрысціянскія забавы для дзяцей, праводзіць гульні і вольны час для наведвальнікаў салезіянскіх араторыяў.

Айцец Артур падзяліўся, што моладзь была прыемна ўражана Місіяй. “Моладзь прызвычаеная, што Касцёл гэта парафіі, усё жыццё гуртуецца вакол іх. А тут адукацыйны цэнтр, дашкольнікі і школьнікі, усім кіруе каталіцкі ордэн”, — растлумачыў ён. Таксама моладзі спадабалася, што Цэнтр працуе выключна на беларускай мове.

Салезіянін распавёў, што выбар Місіі ў якасці прыкладу служэння бліжняму ён выбраў нездарма. “Я ведаю сястру Чаславу, дырэктарку Місіі, ужо вельмі даўно. Таксама парафія на Сухарава, дзе працуе а. Аляксанадр Шамрыцкі, капелан Місіі, гэта мая родная парафія, там была мая прыміцыйная св. Імша. Таму ўсё тут мне вельмі блізкае і роднае”, — сказаў айцец Артур, — “у Касцёле ёсць шмат месцаў дзе служаць бліжняму, але часта гэтая праца мае характар акцый, перыядычных мерапрыемстваў. У цэнтры ж штосьці адбываецца пастаянна.”