МІЛЬЁН ДЗЯЦЕЙ МОЛІЦЦА НА РУЖАНЦЫ

за мір і еднасць у свеце

18 кастрычніка

2021 – Год святога Юзафа

Малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца Ружанец” у Беларусі распачнецца 18 кастрычніка ў 18:00.

Адказныя асобы арганізоўваюць групы дзяцей і бацькоў у касцёлах у цэнтрах дыяцэзій (Гродна, Віцебск, Магілёў, Пінск, Мінск). Гэтыя групы яднаюцца анлайн і прымаюць непасрэдны ўдзел у малітве. Таксама будзе ісці агульная анлайн-трансляцыя мерапрыемства. Сустрэча мадэруецца з Мінска, з пляцоўкі ля Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра.

Пасля сустрэчы кожнае дзіця атрымае:

  • дзясятак ружанца ў выглядзе бранзалеткі
  • марыйны ружанцовы стыкерпак налепак

Заахвочваем арганізатараў ва ўсіх цэнтрах дыяцэзій і іншых мясцовасцях:

  • перад сустрэчай арганізаваць майстэрні па стварэнні ружанцаў. Падрыхтаваць неабходную колькасць ружанцаў, якія можна будзе падарыць дзецям пасля сустрэчы 18-га кастрычніка;
  • арганізаваць неабходнае абсталяванне для якаснай анлайн-трансляцыі з вашага касцёла ці іншага месца;
  • падрыхтаваць кароткае прывітанне (1 хв) ад вашай групы падчас уступнай часткі;
  • падрыхтаваць правядзенне дзясяткі ружанца (Ойча наш, 10 Вітай Марыя, Хвала Айцу, О Марыя, без граху першароднага зачатая …, О мой Езу …. Гродна і Мінск спяваюць; Віцебск, Магілёў, Пінск — рэцытуюць);
  • пажадана арганізаваць пачастунак і цёплую гарбату для прысутных;
  • заахвоціць усіх дзетак і бацькоў узяць з сабой свечкі ці ліхтарыкі.

Арганізацыя

Арганізацыйнымі пытаннямі займаецца група пры Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры. Група забяспечвае:

 — арганізацыйную працу
 — інфармацыйную кампанію
 — трансляцыю з Мінска

Нашы кантакты:

email: samaranin16@gmail.com
instagram: @centr_samaranin

Пра ініцыятыву

Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. “Не толькі ўсё яшчэ актуальны крызіс аховы здароўя зрабіў наш свет падобным да па-чалавечы невырашальнага клубка праблем. Голад, беднасць, карупцыя, войны і тэрор, вульгарызацыя чалавечага існавання і знішчэнне стварэння закранаюць жыцці незлічонай колькасці людзей. За гэтым усім крыецца паўсюдная сіла зла, якое імкнецца знішчыць боскі сусветны парадак і законы Бога. Таму нам як ніколі патрэбная даверлівая малітва чыстых, нявінных сэрцаў, дзяцей Марыі, адкрытых на Божую дапамогу і збаўленне для ўсяго света”, – адзначаюць кіраўнікі Фонда.


Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!
Як усё пачалося?


Упершыню малітоўнае чуванне дзяцей прайшло ў 2005 годзе ў сталіцы Венесуэлы Каракасе. Падчас ружанцовай малітвы групы дзяцей у прыдарожнай каплічцы некалькі жанчын, якія былі разам з імі, адчулі глыбокую прысутнасць Панны Марыі. Адразу ж прыгадалася абяцанне Айца Піа: “Калі мільён дзяцей разам памоляцца Ружанцам, свет зменіцца”. І ў гэтым сутнасць кампаніі – верыць у моц дзіцячай малітвы. Сам Езус вучыць нас: “Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 18, 3).

З таго моманту да ініцыятывы далучыліся сотні тысяч дзяцей. З усяго свету плывуць шматлікія сведчанні, якія кажуць не толькі пра радасць дзяцей, што глыбока парушыла сэрцы прысутных разам з імі дарослых, але і пра дарослых, якія самі адчулі дзеянне Божай ласкі і зрабілі Ружанец трывалай часткай іх уласнага малітоўнага жыцця.


Чаму 18 кастрычніка?


Традыцыйна, кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца. Акрамя гэтага, 18 кастрычніка – Дзень святога Лукі Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай Маці Божай.


Значэнне Ружанца


Як пісаў Папа Ян Павел ІІ у лісце “Rosarium Virginis Mariae”, “адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). <…> Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, учыняе нас таксама будаўнікамі спакою ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб «маліцца заўсёды і не апускаць рук» (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай «барацьбе», якая вядзецца за мір.”

Як маліцца на ружанцы

Дзеці нашмат больш адкрытыя на ружанцовую малітву, чым шмат хто з дарослых. Калі ружанец адмаўляць правільна і пад адпаведным кіраўніцтвам, нашыя адносіны з Марыяй будуць паглыбляцца – яны стануць тым больш блізкімі, чым даўжэй будзем маліцца. Менавіта такім глыбокім адносінам з Маці Божай мы можам навучыцца ад дзяцей!

1 – Знак Святога Крыжа. Апостальскі сімвал веры 1 раз
2 – Малітва Панская 1 раз
3 – Анёльскае прывітанне 3 разы
4 – Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы 1 раз
5 – Назваць таямніцу Ружанца
5 – Малітва Панская 1 раз
6 – Анёльскае прывітанне 10 разоў
7 – Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы. “О Марыя,…”. Малітва Фацімская 1 раз
7 – Назваць наступную таямніцу Ружанца
7 – Малітва Панская 1 раз
8 – Анёльскае прывітанне 10 разоў


Знак Святога Крыжа


У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Апостальскі сімвал веры


Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.
Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.


Малітва Панская

Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi.

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.


Анёльскае прывітанне


Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус.


Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

О Марыя,…


О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!

Малітва Фацімская


О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць.

Матэрыялы

Запрашаем сем’і, парафіі, катэхетаў, настаўнікаў памаліцца 18 кастрычніка на ружанцы разам з дзецьмі ў інтэнцыі супакою і міру ў свеце. Фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” падрыхтаваў малітоўныя матэрыялы, якія можна выкарыстоўваць, каб распаўсюдзіць інфармацыю пра ініцыятыву і зацікавіць дзяцей маліцца на ружанцы разам. На гэтай старонцы вы можаце бясплатна спампаваць беларускамоўную версію гэтых матэрыялаў: ліст для дзяцей, плакат, улёткі і размалёўкі. Дзяліцеся навіной і натхняйцеся!