Гісторыя Місіі

Настаў юнака на пачатку шляху яго:
ён ня збочыць з яго, калі і састарыцца.
Святое Пісанне (Выслоўі 22:6)

Пасля развалу СССР, у кастрычніку 1995 г. сёстры Уршулянкі вярнуліся ў Беларусь, каб надалей рэалізоўваць асноўныя мэты свайго Ордэна, а менавіта выхоўваць у хрысціянскім духу дзяцей і моладзь. Сёння сёстры Уршулянкі працуюць у Мінску, займаючыся выхаваўча-асветніцкай дзейнасцю, у аснове якой ляжаць своеасаблівасць і індывідуальнасць чалавечай асобы. 

2 лютага 2011 г. у свята Ахвяравання Пана (як звыкла казаць у народзе: свята Маці Божай Грамнічнай), Дзяржава перадала Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будынак былой мінскай школы па вул. Серафімовіча, 19, які знаходзіўся ў аварыйным стане. 28 лютага 2011 г. распачала сваю дзейнасць рэлігійная арганізацыя «Дабрачынная Мiсiя Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай», якой была даручана рэканструкцыя  перададзенага будынку. Дырэктарам Місіі прызначана сястра Часлава Навіцкая USJK. У лютым 2012 г. Місія Добрага Самараніна распачала праектаванне будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра. Рэканструкцыя-будоўля завяршылася ў 2017 г.

29 мая 2018 г., ва Урачыстасць Святой Уршулі Ледхоўскай - апякункі Місіі Добрага Самараніна, адбылося асвячэнне будынку, дзе сёння можна спаткацца з жывым Богам, прысутным ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Сапраўдны цуд ажыццявіўся, дзякуючы дапамозе ахвярадаўцаў – людзей добрай волі, якія падтрымалі праект.

Мэтай Місіі з’яўляецца інтэграцыйнае выхаванне і хрысціянская асвета дзяцей - пачынаючы ад трохгадовага ўзросту да дасягнення паўналецця. Развіццё дзіцяці як асобы, клопат аб яго фізічным, псіха-эмацыйным, інтэлектуальным, культурным і грамадзянскім развіцці – усё гэта з'яўляецца вялікай каштоўнасцю для кожнага хрысціяніна, адказнага за будучыню грамадства, у якім ён жыве. Выконваючы свой духоўны абавязак, кожны мае магчымасць шчырай малітвай дапамагчы справе хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі.