Адбылася пілігрымка “Шляхам уршулянак”

Адбылася пілігрымка “Шляхам уршулянак”

На іншых мовах: en pl
Адбылася пілігрымка “Шляхам уршулянак”

14–15 кастрычніка 2023 г. Місія Добрага Смараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай арганізавала пілігрымку “Шляхам уршулянак”, якая была прысвечана 90-годдзю дзейнасці сясцёр уршулянак на беларускіх землях. Падарожжа адбылося па маршруце: Мінск–Моталь–Моладава–Іванава–Пінск–Гарадзішча–Лагішын–Мінск.

Незадоўга да пілігрымкі супрацоўнікамі Місіі была наладжана навуковая экспедыцыя, падчас якой было вызначына месца, дзе ў Моталі ў 1939 г. будавалася каталіцкая капліца. Гэта месца ў самым цэнтры мястэчка наведалі пілігрымы. Гасцінна сустрэў вандроўнікаў Мотальскі музей народнай творчасці. Усе былі ўражаныя цудоўнай экспазіцыяй і палешуцкімі спевамі, якія выканалі для наведнікаў маталяне. У​ мястэчку аглядзелі таксама царкву Перамянення XIX ст.

Непадалёку ад Моталя знаходзіцца вёска Моладава, якая моцна звязана з дзейнасцю уршулянак. “Скірмунты, уладальнікі прыгожага маёнтка Моладава, шчодра ахвяравалі гэтую маёмасць нашай Кангрэгацыі, яшчэ пры жыцці даверыўшы нам ворныя землі і лугі на дабрачынныя мэты” – пісала настаяцельніца Уршуля Ледухоўская. Сёстры уршулянкі стварылі ў Моладаве некалькі дзіцячых садкоў, займаліся катэхізацыяй сярод мясцовых жыхароў, а таксама доглядам за хворымі. Ад уладанняў Скірмунтаў збераглася толькі пахавальная капліца – велічны помнік архітэктуры пачатку ХХ ст. Пілігрымы наведвалі і мясцовыя могілкі, дзе ацалелі толькі некалькі паўразбураных пахаванняў Скірмунтаў. Усе вернікі зацікавіліся ўнікальнай, але заняпалай цяпер моладаўскай Узнясенскай царквой XVIII ст. На жаль, стан яе захавання выклікае клопат. Нядаўна быў узнесены новы храм. На новае месца перанесены звон 1583 г. – адзін з самых старых у Беларусі.

Далей адбыўся пераезд у горад Іванава (раней Янаў Палескі). 90 год таму гэтыя 20 кіламетраў былі няпростым выпрабаванням для ўршулянак. Прыходзілася ехаць у самае рознае надвор’е, адольваць гэты шлях конна і пешшу. Уршуля Ледухоўская так казала пра з’яўленне ў 1938 г. місіі ў Янаве: “У Моладаве ўжо ёсць першынец, гэта ўстанова ў Янаве Палескім, месцы пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі”. Вандроўнікі наведвалі мясцовы касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Адбылася цёплая сустрэча з пробашчам парафіі кс. Паўлам Кручэкам. У касцёле захоўваецца крыж, створаны слынным мастаком Напалеонам Ордам. Спадабаўся вандроўнікам Парк мініяцюр страчаных славутасцяў, які ўяўляе макеты архітэктурных помнікаў Іванаўскага раёна. Тут можна ўбачыць і макет фамільнай рэзідэнцыі Скірмунтаў у вёсцы Моладава.​

Адным з цэнтральных месцаў падарожжа стаўся Пінск – “сталіца Палесся”. У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша. Цікавы гістарычны экскурс пра святыню зрабіў пробашч парафіі кс. Павел Врубель. Пілігрымы памаліліся ў крыпце ў сутарэннях пінскай катэдры, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк. Падчас візіту ў Пінску неаднойчы чулі пра значнасць постаці кардынала Казіміра Свёнтка і прыклад яго самаадданага жыцця як верніка і святара без рэшты адданага служэнню Хрысту і Касцёлу. Узгадвалі неаднойчы і святара Зыгмунта Лазінскага, які пахаваны ў крыпце пінскага​ кафедральнага касцёла. Экскурсію па Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага і па яе цудоўным музеі правёў кс. Чэслаў Ладыка. Падчас шпацыру па горадзе наведалі палац Бутрымовічаў – помнік архітэктуры XVIII ст. Найверагодна, менавіта ў ім 29 жніўня 1938 г. адбылася святая Імша ў тагачаснай капліцы біскупскага палаца, пасля чаго Уршуля Ледухоўская з біскупам Казімірам Букрабам паехалі адведаць сясцёр уршулянак у вёсцы Востраў.

З Пінска пілігрымы накіраваліся ў вёску Гарадзішча, дзе ў 1930-х гг. таксама дзейнічалі ўршулянкі. Перш-наперш удалося наведаць мясцовы музей, які створаны руплівымі намаганнямі мясцовай жыхаркі Наталлі Кахнюк. У ім зберагаецца мноства рарытэтаў. Гаспадыня паказала таксама касцёльныя святыні, якія зберагліся ў мясцовых жыхароў пасля разбурэння гарадзішчанскага касцёла падчас Другой сусветнай вайны. У Гарадзішчы пры ўршулянках разгортвалася такая ж дзейнасць, як і ў іншых місіях. Сёстры ажыццяўлялі парафіяльную працу, наведвалі хворых, апекаваліся гуртком вясковых гаспадынь, таварыствам моладзі. Пілігрымы аглядзелі стары кляштарны будынак, дзе ў 1930-х гг. размягчалася плябань і жылі уршулянкі. Удзельнікі пілігрымкі спусціліся па захаванай лесвіцы ў бок гарадзішчанскага возера.

Адным з заключных пунктаў праграмы было наведванне касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне. Там зберагаецца цудатворны абраз Абраз Маці Божай Лагішынскай​ – Каралевы Палесся. Лагішын – гэта месца служэння ксяндза Яна Зеі, якога Уршуля Ледухоўская характарызавала як “вельмі добрага і святога”, “ідэальнага” і нават “Божага вар’ята”. Пра касцёл і парафію распавёў кс. Андрэй Шут, які нядаўна пачаў сваё служэнне ў Лагішыне.

З малітваю і з удзячнасцю Пану Богу за вандроўку пілігрымы вярнуліся ў Мінск. Пілігрымка​ – гэта наш ахвяраваны час і маленькі крок у духоўным жыцці. Пілігрымка – гэта шмат размоў і сустрэч з сэрцамі іншых людзей. На працягу двух дзён мы шмат спазнавалі і маліліся. Сэрца напаўняецца ўдзячнасцю Госпаду за тыя дары і ласкі, якімі Ён абдорваў падчас дарогі. Удзячнасцю Яму за людзей, якіх ставіў побач, асобам кансэкраваным за духоўныя размовы і парады. Удзячнасцю святарам, праз паслугу якіх была штодзённая Эўхарыстыя і магчымасць споведзі. Удзячнасцю кожнаму, хто прымаў нас, пілігрымаў, ахінаў клопатам і малітвамі.​