Адбыўся Дзень таты

На іншых мовах: ru
Адбыўся Дзень таты

У пятніцу, 19-га сакавіка, ва ўспамін св. Юзафа, дзеці з Місіі віншавалі татаў. З гэтай нагоды была падрыхтавана святочная праграма.

З уступным словам да сабраных звярнулася сястра Часлава. “Усе мы з вамі перажываем нязвыклы час. Вельмі шмат непакою. Але хочам спадзявацца менавіта на вас, дарагія таты. Што вы будзеце моцнымі апорамі ў вашых сем’ях, што вы будзеце прыкладам для іншых”, — сказала дырэктарка.

Кожная група дзяцей падрыхтавала сваё віншаванне — ўжо традыцыйна было шмат спеваў, вершаў, сцэнкі, танцы. Выхаванцы падарылі татам паштоўкі. Спадар Ягор, тата нашай выхаванкі з дашкольной праграмы, падзяліўся з самаранінам сваімі уражаннямі: “У апошні год, думаю, нам усім не хапала гэтых традыцыйных сустрэч у Місіі, агульных святаў для дзяцей, бацькоў і супрацоўнікаў. Таму сёлетняе Свята татаў стала ў сто разоў больш радасным і прыемным. Дзякуй нашым дзеткам за чароўныя выступы і цудоўныя падарункі. І, канечне, дзякуй выхавацелям і ўсім тым, хто дапамог зладзіць для татаў гэта сапраўднае свята”. Яшчэ адзін тата, спадар Юльян, падзяліўся, што “было прыемна махаць дзіцёнку на сцене рукой і злавіць усмешку ў ад яго ў адказ. Сярод жыццёвай мітусні важна спыніцца падумаць пра будучыню і паглядзець на дзяцей”.

Пасля выступаў, да сабраных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч. Якраз у гэты дзень ён прыбыў у Сацыяльны Цэнтр каб правесці рэкалекцыі. Таму ён пагадзіўся таксама падзяліцца некалькімі роздумамі пра айцоўства ў сучасным свеце.

Спадар Яўген, тата аднаго з вучняў, распавёў, што ўпершыню ў жыцці прысутнічаў на свяце татаў у Місіі. ”Прыемныя ўражанні проста перапаўнялі мяне пад час выступлення дзетак на сцэне! А самы кранальны момант — гэта першыя секунды пасля таго, як сынок заўважае мяне сярод гледачоў і пачынае махаць ручкай! Гэтыя імгненні я буду памятаць усё жыццё! Уся імпрэза атрымалася вельмі захапляльнай, з гумарам, прыгожымі песнямі і танцамі! Дзякуй вялікі настаўнікам і арганізатарам за гэтыя прыемныя моманты!”, — распавёў Яўген.

Напрыканцы праграмы быў пачастунак. Таты маглі паразмаўляць, а дзеці пагарэзнічаць. Да сабраных далучыліся таксама некаторыя мамы якія прыйшлі ў Місію на першую рэкалекцыйную св. Імшу а 18-й.

Фота: Юрый Сідун
Альбом цалкам можна паглядзець тут