Адбыўся першы тур летніка для дзяцей і моладзі “Летуценнік”

На іншых мовах: ru pl
Адбыўся першы тур летніка для дзяцей і моладзі “Летуценнік”

З 15-га па 26-га чэрвеня ў Сацыяльным Цэнтры адбыліся канікулы з Богам. Тыднёвая праграма была як заўжды насычаная — былі экскурсіі, заняткі, майстэрні і гульні.

Першы тур сёлетняга летніка быў своеасаблівай кнігай і штодзённа дзеці перагортвалі адну старонку. Спадарыня Валянціна распавяла, што дзеці “чыталі” старонку знаўцаў жыцця святых, старонку рамёстваў, старонку знаўцаў архітэктуры і побыту беларускага народу, старонку спорту, старонку мультыплікацыі.

Падчас летніка дзеці наведалі парк гісторыі Сула і музей архітэктуры і побыту ў в. Азярцо. Арганізатары імкнуліся пазнаёміць удзельнікаў рознымі традыцыямі і асаблівасцямі побыту нашых продкаў.

“Вандроўка ў м. Сула пакінула шмат эмоцый”, — распавяла спадарыня Валянціна, адна з арганізатарак летніка, — “на ўваходзе ў парк нас урачыста сустрэлі з дудой і барабанам. Мы даведаліся пра эпоху Стэфана Баторыя, стрэлілі з гарматы, кідалі сякеркі ў драўляны шчыт, плавалі па рацэ Сула на драккары, каталіся на брычцы, былі ў кузні і ганчарні, дзе ўдзельнічалі ў працэсах стварэння керамічнай вазы і металічнага наканечніка для стралы, спрабавалі свежы хлеб і глядзелі батлейку”.

Арганізатары летніка запрашаюць на другі тур канікулаў у Сацыяльным Цэнтры. Ён адбудзецца з 6-га па 17-га ліпеня. Праграма будзе адмысловай, таму ўдзельнікі папярэдняга летніка могуць смела ўдзельнічаць. Больш інфармацыі пра летнік можна прачытаць тут.