Дзеці з місіі наведалі Польшчу ў рамах адукацыйнага візіта

З 23 па 29 красавіка дзеці з нашага цэнтра, якія ходзяць на дадатковыя заняткі па музыцы, наведалі некалькі школ і парафій у Польшчы. Выхаванцы прадстаўлялі велікодную музычную праграму ў якую ўваходзілі і беларускія традыцыйныя творы. Агулам за час побыту нашы дзеці далі 6 канцэртаў.

 

 

На час побыту ў Польшчы нашу групу рассялілі па сем’ях у горадзе Свежава. Тут наведалі нямецкі палац у Ломніцы, каляровыя азёры і пячоры ў гарах, а таксама судэцкі адукацыйны музей у Добкове, дзе даведаліся з чаго складаюцца вулканы, як яны дзейнічаюць, а таксама пазнаеміліся з рознымі пародамі прыродных выкапняў. 

Місіянеры наведалі Вроцлаў, яго святыні і капліцу благаслаўленага Часлава – апекуна горада. Візіты ў мясцовыя музеі і азнаямляльныя шпацыры па старых вуліцах не заставілі абыякавымі нікога.

Адной з галоўных мэтаў візіту выхаванцаў, іх бацькоў і супрацоўнікаў цэнтра было навязванне новых сувязей з установамі адукацыі ў Польшчы. Знаёмства з дзейнасцю польскіх пачатковых школ і дашкольных устаноў дазваляе пераймаць і дзяліцца сучаснымі падыходамі выхавання дзяцей.