Арцыбіскуп Кандрусевіч адправіў першую адпустовую Імшу ў нашай капліцы

На іншых мовах: ru
Арцыбіскуп Кандрусевіч адправіў першую адпустовую Імшу ў нашай капліцы

У суботу, 2 — га лютага, мітрапаліт Мінска — Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адправіў Святую Імшу ў нашай Місіі. Справа ў тым, што капліца Місіі мае тытул “Ахвяравання Пана Езуса ў святыні”. Таму штогод на аднайменнае касцёльнае свята мы адзначаем наш фэст.

Перад Святой Імшой супрацоўнікі Місіі паказалі сцэнку пра традыцыі і сучаснасць свята Маці Божай Грамнічнай. Вельмі прыемна было ўбачыць нашых місіянераў у іншых ролях.

Адразу пасля сцэнкі распачалася Святая Імша. Адметна, што падчас урачыстасці беларускае радыё «Марыя» вяло прамую трансляцыю з капліцы. Таму памаліцца з намі маглі ўсе ахвотныя ў розных кутках не толькі Беларусі, але і свету.

Падчас казання Арцыбіскуп звярнуў увагу на выхаванне дзяцей і моладзі ў святле Ахвяравання Пана. “Бацькі павінны разумець, што дзеці не належаць толькі ім. Дзеці належаць таксама Богу. Таму рэлігійнае выхаванне з’яўляецца неад’емнай часткай выхавання ў цэлым”,  — падкрэсліў іерарх. Напрыканцы казання мітрапаліт звярнуў сваю малітву да Панны Марыі з просьбай “скіраваць позірк на гэты сацыяльны цэнтр і атуліць яго неабходнай апекай”.

2 — га лютага з’яўляецца таксама Днём кансэкраванага жыцця. Таму арцыбіскуп не абмінуў увагай служэнне нашых сясцёр Уршулянак. “Няхай ваша праца ў гэтым сацыяльным цэнтры будзе моцным унёскам у будучыню Касцёла і нашай краіны”,  — пажадаў ён.

Пасля Імшы супрацоўнікі і валанцёры Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра спаткаліся з Мітрапалітам на супольным абедзе. Зала загаманіла, у нефармальнай абстаноўцы кожны ахвотны мог паразмаўляць таксама і з Арцыбіскупам.