Як мы адсвяткавалі дзень бабулі і дзядулі (+ШМАТ ФОТА)

На іншых мовах: ru
Як мы адсвяткавалі дзень бабулі і дзядулі (+ШМАТ ФОТА)

У нядзелю, 27-га студзеня, наша Місія святкавала Дзень дзядулі і бабулі. З розных куткоў Беларусі на ўрачыстасць з’ехалася некалькі дзясяткаў бабуляў і дзядуляў нашых выхаванцаў.

Святкаванне распачалося Святой Імшой пад кіраўніцтвам нашага душпастыра а. Аляксандра Шамрыцкага МІС. Мы заўсёды цешымся, калі капліца не можа змясціць усіх вернікаў, і ўвесь першы паверх цэнтра робіцца адной суцэльнай капліцай.

Пасля літургіі кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прамовіў канферэнцыю для тых, хто сабраліся на свята. Святар звярнуў увагу на значэнне і ролю бабуляў і дзядуляў у выхаванні сваіх унукаў. Прыемна, што большасць выпадкаў, пра якія гаварыў кс. Дзмітрый, абапіраліся на яго ўласны досвед адносінаў са сваімі бабулямі і дзядулямі.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

Пасля канферэнцыі бацькі нашых дзяцей паказалі спектакль пра Беласнежку. Злая Каралева, Чароўнае Люстэрка і зухаватыя гномы не пакінулі абыякавымі нікога, а асабліва – нашых дзяцей. “Леў, твая мама!”, “Эміля, твой тата!” – з захапленнем выкрыквалі дзеці, калі пазнавалі бацькоў сваіх сяброў у ролях казачных персанажаў.

Чароўнае люстэрка, Каралева і яе міністр
Беласнежка і добрыя гномы
Гномы знаёмяцца з добрым прынцам

Пасля спектакля маленькі ансамбль бацькоў выканаў песню-дыялог бабулі і дзядулі.

Затым прыйшоў час для канцэртнай праграмы дзяцей Місіі. Выхаванцы спявалі, чыталі вершы на розных мовах, танцавалі і падарылі ўсім дзядулям і бабулям віншавальныя паштоўкі.

Выступае малодшая група
Сярэдняя група – як заўсёды ў найвялікшым складзе
Прадстаўнікі пачатковай школы прачыталі вершы на беларускай, польскай і ангельскай мовах
Паштоўкі для бабуляў і дзядуляў
У такі дзень немагчыма бяз слёзаў радасці

Напрыканцы ўсе прысутныя сабраліся на ўрачысты пачастунак, падрыхтаваны сваімі рукамі, што падсумавала гэты радасны дзень. 

Выступоўцы і супрацоўнікі Місіі на адной сцэне

Заўсёды радасна, калі сцены Місіі гудуць, а жыццё – віруе. Усіх моцна абдымаем!

Усе фоты можна паглядзець і спампаваць тут 

Здымкі: Юрый Сідун