Падсумаванне – інтэрв’ю з сястрой Чаславай напрыканцы навучальнага года 2018/19

Падсумаванне – інтэрв’ю з сястрой Чаславай напрыканцы навучальнага года 2018/19
Мы вырашылі задаць некалькі пытанняў нашай дырэктарцы пра ўжо мінулы год у Сацыяльным Цэнтры. Сястра падзялілася агульнымі поспехамі і выклікамі, а таксама планамі на новы навучальны год. 
Сястра Часлава, ці можна сказаць што місія ўжо абжылася ў новым будынку Сацыяльнага Цэнтра?
Думаю, што так. У гэтым годзе шмат што атрымалася дасягнуць, але перадусім будынак напоўніўся дзіцячымі галасамі.
Як ацэньваеце першы год працы Цэнтра?
Калі коратка – я вельмі задаволена. Пан Езус казаў: там, дзе сабралася двое альбо трое ў Імя маё, там Я сярод іх. Тут сабралася нашмат больш. Думаю што Езус з намі і гэта найважнейшае. Галоўнае, што тут сабраліся людзі розных веравызнанняў і нас яднае Бог. Усе ўдзельнічаюць у літургіях, у розных іншых мерапрыемствах. Мы імкнёмся ствараць радасную, добрую атмасферу. Дай Бог каб так і далей.
Зірнуўшы крыху назад, што атрымалася найлепей? Што вас радуе найбольш?
Найболей мяне цешыць тое, што Хрысціянскі Цэнтр дадатковага развіцця для дзяцей існуе. Мы займаемся хрысціянскім выхаваннем. Я радуюся, што ў нас ёсць капліца – ўсё гэта не толькі адукацыя і выхаванне, але ёсць таксама святая Імша. Ну і немалаважнае, а нават вельмі важнае для мяне – беларуская мова. Найболей мяне радуе тое, што дзеткі, якім 2.5-3 гады, вельмі добра валодаюць беларускай мовай, размаўляюць на ёй. Гэта мяне цешыць, таму што павінна быць любоў да Бога і любоў да сваей краіны. Гэта немагчыма раздзяліць.
Якія выклікі вы бачыце для Цэнтра на найбліжэйшы час?
Канешне, хацелася б каб наш Сацыяльны Цэнтр больш развіваўся, каб у нас было нашмат больш дадатковых заняткаў, каб сюды прыходзіла болей людзей. Хацелася б каб да нас прыходзілі патрабуючыя людзі, людзі, якіх цікавіць не толькі адукацыя, але і хрысціянскае выхаванне. Ну і перадусім нам хочацца каб людзі, якія прыходзяць да нас, адкрывалі сваю тоеснасць, ведалі хто яны.
У гэтым годзе ўжо адбыўся шэраг спатканняў з інвалідамі-вазочнікамі. Якія планы маеце на будучыню ў гэтай сферы?
У гэтай канкрэтнай сферы перад намі яшчэ шмат працы. Вельмі хочацца каб гэтыя людзі да нас часцей прыязджалі, каб гэты дом стаўся іхнім домам. Нам трэба тут вельмі шмат валанцераў, неабходны дадатковыя сродкі. Але ўсё рэальна – мы працуем над гэтай мэтай.

Дзякуй вялікі за размову! Апошняе – чаму чалавек, які яшчэ ніколі не быў у Сацыяльным Цэнтры, павінен абавязкова завітаць сюды?
У нас можна сустрэць Бога, спаткацца з іншым чалавекам і проста адчуць сябе добра. Прыходзьце!