Наш летнік: адбылося пагружэнне ў жыццё пілігрыма

Наш летнік: адбылося пагружэнне ў жыццё пілігрыма

На іншых мовах: en
Наш летнік: адбылося пагружэнне ў жыццё пілігрыма

З​ 5 па​ 16 чэрвеня ў​ Місіі Добрага Самараніна​ адбыўся​ летнік пад назвай​ “Пілігрым – чалавек творчы”. Праграма летніка была насычаная: заняткі духоўнага зместу, знаёмства з хрысціянскай традыцыяй і​ найбольш вядомымі маршрутамі пілігрымак, заняткі па спазнанні шляхоў удасканалення асобы пілігрыма. На працягу дзесяці дзён дзеці​ адкрывалі і спазнавалі ўсю радасць і карысць пілігрымкі.

Першы дзень летніка пачаўся са святой Імшы – 5 чэрвеня​ адзначаўся ўспамін святога Баніфацыя.  8 чэрвеня адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Завершыўся летнік 16 чэрвеня Урачыстасцю Найсвяцейшага Сэрца Езуса.​

Дзеці наведалі тэатры, Нацыянальны мастацкі музей, падарожнічалі з Феяй Усмешкай па хмарках​ , наладзілі гучныя тэатралізаваныя чытанні​ пра Фанечку​, дапамаглі акторам​ з тэатра “Каробка” аднавіць Цудоўны сад, стварылі свае непаўторныя карціны ў тэхніцы па роспісе дрэва, шмат малявалі, спявалі, і самае галоўнае – знайшлі новых надзейных сяброў, з якімі і здзейснілі пілігрымку ў​ Навагрудак.

Вось так узнёсла і цікава падсумоўвае змест летніка і свае ўражанні выхавацель спадарыня Ларыса:

“Як прыемна ўзгадваць добрыя радасныя хвіліны жыцця! Кожны пілігрым яшчэ доўга натхняецца перажытай вандроўкай. Наш першы тур летніка атрымаўся па- сапраўднаму пілігрымскі! Ужо з першага дня была вызначана мэта, да якой дзеткі рупліва і разнастайна рыхтаваліся – дайсці да Святыні! Але не проста дайсці, а ўзбагаціцца духоўна і напоўніцца Божай радасцю. Кожны дзень летніка быў адрэзкам шляху, які мы разам праходзілі ў спазнанні пілігрымскай навукі. Кожны дзень быў афарбаваны ў асаблівы колер, меў вызначаную тэму, да якой былі дапасаваныя прэзентацыі з фотаздымкамі, зробленымі падчас ранейшых пілігрымак. Дзецям было вельмі важна бачыць, што з пілігрымкай іх знакомяць не тэарэтыкі, а сапраўдныя вопытныя вандроўнікі. Гэта выклікала шчыры давер у дзетак!

Шмат удзельнікі летніка спазнавалі праз творчасць, напрыклад малявалі каляровымі крэйдамі на тэмы “Што такое пілігрымка?” і “Я – пілігрым”. Цудоўна адлюстравалі маленькія творцы падрабязны аповед пра Будслаўскі фэст, пабачыўшы фота начной працэсіі і цудоўнага абраза Маці Божай. Фламастары і каляровыя алоўкі добра паспрыялі пры складанні памяткі пілігрыма: ” Мой багаж”. Надзвычай цікава было даведацца пра духоўны багаж пілігрыма. Мы разважалі над такімі паняццямі як інтэнцыя, малітва, ахвяра, цярплівасць, дараванне і прабачэнне. Кожны вучань зразумеў, што, нягледзячы ні на што, пілігрым не павінен быць сумным. Вітамінка радасці – вось добры Божы лек, які кожны ахвоча стварыў з каляровага пластыліну! А як радуюць вочы пілігрыма беларускія краявіды! Мы шчыра дзякавалі Богу за прыгожую беларускую прыроду: і лясы, і лугі, і нівы, і рэкі, і азёры… Лёгкія акварэльныя замалёўкі атрымаліся нібыта з натуры. Паступова мы перайшлі да сур’ёзных роздумаў: “Як хрысціянін ставіцца да Бога і свайго бліжняга? Што значыць прабачыць і дабраславіць? Калі неабходна дзякаваць і прасіць прабачэння?” Адказаць на гэтыя пытанні нам дапамаглі творы хрысціянскага мастацтва, жывапісу і графікі. Плёнам з’ явіліся сяброўскія падарункі, якія дзеткі зрабілі з разнастайных пацерак. Падарункамі яны абмяняліся ў знак узаемнай падзякі.

Безумоўна, лепшы спосаб засвоіць тэорыю – ажыццявіць на практыцы! Наша духоўная вандроўка пакінула яркі адбітак у свядомасці дзетак! Тут мы, сапраўды, спасцігалі нашыя разважанні на ўласным вопыце! Дзякаваць Богу, вітамінка радасці не была змарнаваныя – нашыя дзеткі ва ўсіх выпрабаваннях здолелі захаваць добры настрой! А натхняла нас малітва сясцёр- пакутніц з Навагрудку, на саркафагу з рэліквіямі каторых айцец Аляксандр цэлебраваў святую Імшу. І вядома, сапраўдныя пілігрымскія спевы, якія мы штодня развучвалі на “Школе пілігрымскага спеву”. Быў створаны спецыяльны летнікаўскі спеўнік, з якого на момант нашай вандроўкі дзеткі з захапленнем спявалі каля 20 спеваў!

Асаблівым быў апошні дзень летніка. Маленькія вандроўнікі падчас падарожжа перажылі шмат эмоцый. А тут зразумелі, што прыйшоў час развітвацца. Палітра перажыванняў змянялася: ад рознакаляровага Фестывалю пілігрымскага спеву мы перайшлі да разважання пра Найсвяцейшае Сэрца Езуса. Якое яно? Мы глядзелі фота старажытных харугваў і вітражоў. Важнай была думка, што Езус можа перамяняць нашыя сэрцы на Свой прыклад! Таму, веручы, што гэта магчыма, мы дзякавалі Хрысту за нашыя адноўленыя сэрцы і зрабілі ў Дар Богу выявы іх з дапамогай пластыліну і бісеру.

А скончылася ўсё, як і задумалі: шлях Пілігрыма прывёў нас да Святыні! У нашую Капліцу, на святую Імшу, дзе мы ўрачыста адсвяткавалі Свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Дзеткі шчыра маліліся, з радасцю спявалі ўжо такія ўлюбёныя спевы! У канцы кожны прысутны атрымаў выяву Найсвяцейшага Сэрца, каб і дома шчыра звяртацца да Яго і ў вялікай Жыццёвай Пілігрымцы заўсёды бачыць перад сабой Святы і Годны Шлях!”

У ліпені і жніўні летнік працягнецца! Чытайце пра​ ўсе туры летніка “Вакацыі з Богам”​ , бо кожны мае цікавую і ўнікальную праграму.

Да сустрэчы ў Місіі Добрага Самараніна!

Падрабязнасці па тэлефонах:​ +375 (17) 343-99-17 / +375 (44) 770 09 01
E-mail:​ samaranin16@gmail.com