Спадарыня Ганна: “Рабі тое, што акрамя цябе ніхто не зробіць”

На іншых мовах: ru
Спадарыня Ганна: “Рабі тое, што акрамя цябе ніхто не зробіць”

Наш маленькі Язэп пачаў хадзіць у Місію са жніўня, але яго мама ўжо паспела арганізаваць шэраг ініцыятыў: батлейка, фэст св. Марціна і лекцыю пра Спасаўскую царкву ў Полацку. Самаранін вырашыў паразмаўляць і пазнаёміцца з гэтым светлым чалавекам.

Нядаўна адбыўся фэст св. Марціна. У Беларусі няма такой традыцыі, але ж у Еўропе яна існуе стагоддзямі. Адкуль вы ўвогуле даведаліся пра традыцыю святкавання ўспаміну св. Марціна?

Даведалася, калі мая сястра назвала свайго сына Марцінам. Пачала цікавіцца гэтым святым і цяпер кожны дзень віншую іх у гэты дзень. Калі атрымоўваецца сустрэцца, то разам ладзім ліхтары.

Ці цяжка арганізаваць такі фэст у Місіі? Што вас падштурхнула арганізаваць такое мерапрыемства ў Цэнтры?

Па-першае — вітальнасць кіраўнікоў Місіі — заўсёды падтрымліваюць. Я вельмі ўдзячная бацькам, што паклапаціліся пра рэквізіт — гэтыя мілыя перажыванні, што не досыць усё ўдала атрымоўваецца. Насамрэч кожны прынёс шэдэўр — гонар кожнай сям’і!

Я ведала, што дзеці парадуюць таксама, але ніколі не магла ўявіць наколькі яны шчырыя: адзін са слязьмі на вачах казаў: “Святы Марцін, я цябе люблю!“, другога пхалі, каб падышоў да рыцара, а ён адказаў бацькам: “Адчапіцеся, я зараз у мікрафон буду казаць!“.

Думаю гэта свята ідэальна падыходзіць для правядзення з дзецьмі, гэта свята будуць чакаць і рыхтавацца. Яно мае пачатак ад першага запаленага агеньчыка і не мае канца, бо можна хоць кожны вечар выходзіць на двор з ліхтаром.

Гэта ўжо ня першае мерапрыемства якое вы арганізоўваеце — батлейка, лекцыя пра Спаскую царкву, плануецца выезд у Полацк. Адкуль бярэце энергію на ўсё гэта?

Я сюды прывезла адну са шматлікіх батлеек студыі якая існуе больш за 20 год. Я таксама толькі адна з ўдзельніцаў гэтай студыі, па адукацыі мы амаль усе архітэктары і мастакі.

Тое, што ёсць пераемнасць пакаленняў, тое што за тваёй спіной магутная сцяна і дае мне сілы. Жыццё патрабуе ўвесь час змяняць дэкарацыі, спалучаць гістарычнае з сучасным — у гэтым маё натхненне. Для нас батлейка — гэта сінтэз мастацтваў плюс шмат рамеснай працы (кераміка, разьба і ткацтва).

А з Полацкам іншая гісторыя — за апошнія гады там праведзены археалагічныя даследаванні і капалі не беларусы. Было шмат знаходак і пацверджанняў таму, што гэты храм ужо ў 12 ст. па архітэктуры меў адметнасцi не візантыйскай традыцыi, а раманскай архiтэктуры. Пры гэтым мы дазваляем мастацтвазнаўцам і вучоным археолагам з суседняй краіны, якія ніяк не могуць пакінуць нашу архітэктуру нам і называюць Спаскую царкву (фундатаркай якой была Еўфрасіння Полацкая) ”прекрасным примером и жемчужиной домонгольской архитектуры”. Мы самі не ўсведамляем, што мы маем — бо не бачым гэтага…

Таму плануецца гэта экскурсія, праводзіць яе будзе Ракіцкі Уладзімір. Але папярэдне ён падрыхтаваў лекцыю, якая разлічана і на дзяцей і на дарослых.

Можа здрадзіце пра сакрэтныя ідэі мерапрыемстваў у Місіі? Што яшчэ хацелася б арганізаваць тут?

Вы чулі  слова ”Раптуры“? Гэта мы так называем маленькія імпрэзы, што ладзяцца раптам — напрыклад, вось здарыўся пажар на Нотр-Дам дэ Пары — значыць усё кідаю, раблю з дзецьмі бліны ці пірог у выглядзе сабору, па-ходу размаўляем пра архітэктуру готыкі, бяром з паліцы кнігу, чытаем як Бертран і Гюго апісваюць пажар, малюем і г.д. Дык вось, за такія раптуры магу адказваць у садку.

Ёсць прынцып, якім я кіруюся: рабі тое, што акрамя цябе ніхто не зробіць. Нядаўна ездзілі вандраваць шляхамі паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, даўно ведалі пра помнікі  ў Магілёўцах і ў Палонску. Яны ў жахлівым стане — нарэшце мы іх абмералі, зафіксавалі. Такім чынам, хоць так, будзем лічыць, спрычыніліся да агульнай справы. Бо на сённяшні момант лепшага помніка наша пакаленне не зробіць…

Калі казаць пра больш легкадумныя рэчы, я прачытала, што ўвесну святкуюць Дзень пажарнага экіпажа (ну маецца на ўвазе, што экіпаж раней цягнулі коні). Дык вось у гэты дзень мужныя вусатыя пажарнікі павінны запрашаць да сябе дзяцей, паказваць ім ўсё і частаваць гарачымі блінамі. Наколькі гэта магчыма — буду высвятляць.

Усё гэта пакуль што толькi мае прапановы — яны не абмяркоўвалiся.

Адзiнае — мы акрэсліі са спадарыняй Аленай тэму для зімовых вакацый — Адам Міцкевіч і выезд у Наваградак (гэта будзе мець нават нейкую сіметрыю з мінулымі канікуламі).

Для практычнай часткі я прапаную зрабіць архітэктурны лікбез, а аб’ектам даследвання будзе фарны касцёл у Нвагрудку — гэты храм збудаваны яшчэ Вітаўтам. Ад старажытнай пабудовы захавалася толькі тры капліцы і ў мяне ёсць макеты гэтых капліц у вялікім маштабе — з дзецьмі паспрабую дарабіць некаторыя інтэр’ерныя дэталі (мазаіку). Мы гэта урачыста даставім разам у касцёл, там захоўваецца дыпломная праца наша…

Чаму вырашылі аддаць свайго сына ў наш Цэнтр? Што пераканала?

Скажу адно — я мэтанакіравана не займала чаргу ў дзяржаўныя дашкольныя ўстановы для сваіх дзяцей. Нават каб там было ўсё па- беларуску (дай Божа, каб так сталася як мага хутчэй), гэта толькi наменклатурнае месца дзе бавяць час каб потым пайсцi да хаты.

Такога месца, як Мiсiя, ў Мінску больш няма. Тут рупяцца пра выхаванне не проста маленькіх беларусаў, але чалавечкаў з культурнай “прышчэпкай”: быць ашчаднымі з рэчамі і ежай, ведаць меру, мець дысцыплiну прачытаць малiтву перад ежай i перад сном i г.д.

Мы, дарослыя, вельмі клапоцімся, каб дзеткі цікава жылі, а можа наша роля толькі ў тым, каб накіроўваць, даваць карысныя заданні, прывучаць да працы? Спадзяюся, што сцены Мiсii стануць для гэтых дзетак моцнай базай, а не “гумовым  батутам”. А мы з вамi застанемся бацькамi i выхавацелямi, а не анiматарамi.

 Уфф, спадарыня Ганна. Столькі роздумаў, тэмаў, уласнага перажывання. Неверагодна цікава. Чым скончым гэтую размову?

У Міры, каля касцёла, есць умураваная дошка з надпісам — прапаную узяць як хасла: SIC VOS NON VOBIS. Перакладаецца як ГЭТА ВЫ НЕ ДЛЯ СЯБЕ. А далей тэкст:

з дазволу князя і майго пана
Мікалая Крыштафора Радзівіла
гэты дом будую сабе, але і табе,
добры мой наступнік,
завяшчаю гэты дар,
калі спадабаецца — з удзячнасцю прымі яго,
калі не — пабудуй новы
Каспар Лінкшевіч
кашталян Міра 1609 год