У Місіі адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

У Місіі адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

З гэтай нагоды адбылася ўрачыстая вечарына. Зміцер Вайцюшкевіч праспяваў шэраг песень на вершы класіка, былі ўспаміны сучасніка і ўрачысты торт з лічбай “90”.

На мерапрыемстве сабраліся дзеці, бацькі і супрацоўнікі Місіі. Праграму распачаў спадар Зміцер. Перад выкананнем песняў на словы Караткевіча ён распавядаў пра іх гісторыю і сутнасць, дзяліўся асабістымі перажываннямі. У канцы выступу музыка выканаў некалькі сваіх найбольш вядомых твораў.

Спадарыня Таццяна падзялілася, што “творчасць Караткевіча мяне захоплівае з падлеткавага ўзросту. Думаю, гэта адзін з тых нешматлікіх пісьменнікаў, дзякуючы каму падлеткі і моладзь могуць зацікавіцца беларускай літаратурай не проста таму, што гэта заслужаны, прызнаны класік, альбо таму што чытаць Караткевіча – гэта правільна і патрэбна, а проста таму, што гэта драйвова, захапляльна, незанудна”. Мама нашых выхаванцаў таксама дадала, што “гэта вялікі дар пісьменніка, калі ён так удала спалучае цікавыя, закручаныя, нетрывіяльныя сюжэты з вечнымі тэмамі пра любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народу, прабуджае ў чытачах інтарэс да беларускай гісторыі”.

У другой частцы вечарыны, тата Язэпа распавёў пра асабістае знаёмства з Караткевічам. Выступоўца узгадаў сустрэчы з класікам, яго словы, паводзіны. 

Напрыканцы вечарыны Зміцер Вайцюшкевіч парэзаў урачысты торцік. Дзеці маглі нарэшце пагарэзнічаць, а дарослыя паразмаўляць.

Дзякуем Богу за жыццё і творчасць нашага класіка.

Здымкі: Юрый Сідун
Увесь альбом можна паглядзець тут