Вакацыі з Богам і падрыхтоўка да Балю Усіх Святых

Вакацыі з Богам і падрыхтоўка да Балю Усіх Святых

На іншых мовах: pl
Вакацыі з Богам і падрыхтоўка да Балю Усіх Святых

Падчас восеньскіх вакацый у Місіі Добрага Самараніна адбылася хрысціянска-асветніцкая праграма “Рыхтуемся да балю ўсіх святых”. Дзеці даведаліся пра жыццё і шлях да святасці святога Марціна, святога Яна Паўла ІІ, святога Станіслава Папчынскага, святога Пія Х, святой Уршулі Ледухоўскай і благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча.

Лістапад у Каталіцкім Касцёле распачынае ўрачыстасць Усіх Святых. Першага лістапада ўзгадвалі і ўшаноўвалі ўсіх святых: як вядомых, так і невядомых. Для нас яны з’яўляюцца прыкладам жыцця і веры. Дзеткі ведаюць, што святасць праяўляецца не толькі ў рэлігійным кантэксце, але і ў паўсядзённым жыцці: у служэнні людзям, годным выкананні сваіх штодзённых аб​авязкаў.​ Другога лістапада маліліся за ўсіх памерлых вернікаў, многія з якіх яшчэ не дасягнулі збавення і той еднасці з Богам, якую маюць святыя.​ Мы ўспаміналі блізкіх і дарагіх нам людзей, якія ўжо адышлі з гэтага свету. Нашая памяць пра іх у гэты час становіцца больш жывою. Годным успамінам пра памерлых з’яўляецца запаленая свечка, але перш за ўсё – малітва за супакой душы.

На працягу тыдня для дзетак былі арганізаваны таксама творчыя майтар-класы, інтэрактыўныя чытанні, пазнавальныя экскурсіі і вясёлыя гульні. Удзельнікі праграмы пабачылі ўнікальную калекцыю абразоў “Нябесная варта Беларусі” і пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі іконапісання. Навошта патрэбны абразы? Якое значэнне яны мелі ў духоўным жыцці нашых продкаў? Якую ролю абразы выконваюць у хрысціянскай культуры? Якія традыцыі іконапісання існавалі ў Беларусі? На гэтыя і іншыя пытанні дзеткам адказаў куратар калекцыі абразоў Павел Каралёў.

У бібліятэцы Місіі адбыліся гучныя чытанні кнігі “Вулкан і цялятка, якое выратаваў Пу”. Пасля прачытання юныя ўдзельнікі разважалі пра ахвярнасць і дабрыню. У кнізе апавядаецца пра мужнасць звычайнага чалавека, пра адвагу і вялікую радасць узаемадапамогі. Гісторыя эмацыйная і поўная выпрабаванняў, але завяршаецца радасна, бо дабро нараджае дабро.

Дзеткі наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе пабачылі батлеечны спектакль. Батлейка – старажытны лялечны тэатр, які з’явіўся ў Беларусі ў XVI-XVII стст. Першапачаткова батлеечныя спектаклі арганізоўвалі ў касцёлах, пасля да правядзення батлеек далучыліся шкаляры і семінарысты. Найбольшую папулярнасць народны тэатр набыў у ХІХ ст., калі сталі паказваць спектаклі сяляне і рамеснікі. Народны лялечны тэатр з даўніх часоў быў вельмі важным сродкам выхавання і забавы для дзетак і дарослых.

Дзеткі наведалі Музей беларускай маляванкі, які прысвечаны традыцыйнаму роспісу​ маляваных дываноў. Падчас экскурсіі дзеткі даведаліся, што калекцыя маляваных дываноў Заслаўскага музея-запаведніка з’яўляецца найбагацейшай у Беларусі. У залах пастаяннай экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя дываны​ Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, у зале часовай экспазіцыі – дываны​ Фёдара Сухавілы, Іпаліта Ворсы, Ніканора Зосіка​ і іншых аўтараў. Пасля экскурсіі дзеткам пашанцавала паўдзельнічаць у майстар-класе з мастачкай Анастасіяй Балыш. Для ўдзельнікаў быў падрыхтаваны стол і фарбы ў экспазіцыйнай прасторы. Кожны маляваў свае ўражанні – краявіды з выявамі храмаў і замкаў,​ казачныя кветкі і жоўтыя львы. Маляваць у музеі – гэта асабліва натхняльна і ўражліва!

У завяршэнне праграмы адбыўся “Баль Усіх Святых”. ​ У адным месцы сабралася вялікая колькасць “святых”: святая Тэрэза са святым Францішкам, святы Арханёл Міхал і святая Уршуля Ледухоўская, анёлы Божыя на зямлі і іншыя выдатныя постаці Нябеснага Ерузалема. Выбіраць святога, прыдумваць касцюм, ствараць малюнак – гэта ўжо традыцыйныя справы для дзяцей падчас восеньскіх канікул.

Дзякуем Пану Богу за насычаныя і цікавыя канікулы, за магчымасць спазнаваць Бога глыбей і перажываць гэтыя вакацыі ў Яго прысутнасці.