Віншаванне на 2022 год ад а. Аляксандра Шамрыцкага

Віншаванне на 2022 год ад а. Аляксандра Шамрыцкага

Дарагія браты і сёстры!

Калі распачынаем новы год, асабліва пасля цяжкога папярэдняга, часта пазіраем у будучыню з неспакойнымі прадчуваннямі, а нават бояззю: што прынясе чарговы год? Чаго яшчэ чакаць ад жыцця?

У такія хвіліны, у супрацьвагу трывожнай няўпэўненасці, мы, хрысціяне, заўсёды мусім сабе ўзгадваць пра тое адзінае, што з’яўляецца абсалютна пэўным, а менавіта: што па-над усім ёсць Бог – наш клапатлівы і любячы Айцец; што Бог кіруе гісторыяй свету і кожнага з нас паасобку, і наш лёс залежыць выключна ад Яго; што нават калі нас і сустрэне нейкае зло, то Бог заўсёды здабудзе з яго для нас дабро.

У сувязі з гэтым жадаю нам усім, каб у надышоўшым новым годзе мы моцна «трымалі Бога за руку» і, дзякуючы гэтаму, распачалі год упэўнена, з аптымізмам, надзеяй і адвагай; каб здолелі пераадолець усе цяжкасці і небяспекі, якія могуць апынуцца на нашым шляху; а напрыканцы 2022 г. каб мы з радасцю і ўдзячнасцю Богу сабралі багаты ўраджай з таго, чым Ён нам дабраславіць.

З Новым Божым 2022 годам!

а. Аляксандр Шамрыцкі МІС,
капелан Місіі Добрага Самараніна