Запрашаем на Рараты

Запрашаем на Рараты

Распачынаецца Адвэнт – час падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння

У гэтым часе вельмі важным з’яўляецца ўдзел у адмысловых набажэнствах – Раратах. У нашай Місіі раратнія Імшы на працягу Адвэнту будуць адбывацца два разы на тыдзень:

  • у панядзелак у 8:30
  • і ў​ сераду ў 17:00.

Вельмі просім не спазняцца і за 5 хвілін да пачатку Раратаў быць на месцы з загадзя падрыхтаванымі ліхтарыкамі.

Што такое Рараты?

У перыяд Адвэнту, часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, адбываюцца незвычайныя святыя імшы – Рараты. Гэта адмысловыя службы са свечкамі, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі як знак падзякі за яе згоду прыняць Божую Волю. А сваю назву імшы атрымалі ад першага радка песні на латыні, якая спяваецца на ўваход святара: «Rorate coeli desuper» – «Крапеце, нябёсы, згары».

Адвэнтавыя дэкарацыі

У нашай капліцы створаны адвэнтавыя дэкарацыі, якія маюць адмысловую сімволіку.

Чатыры свечкі – чатыры тыдні чакання Божага Нараджэння. Спачатку запальваецца толькі адна з чатырох свечак у калядным вянку. Але з​ кожным тыднем святла становіцца болей. Першая свечка з’яўляецца свечкаю супакою, другая сімвалізуе веру, трэцяя – любоў, а чацвёртая – надзею. Элементы вянка таксама маюць сімвалічнае значэнне. Сэнс асобных частак наступны: зялёныя галінкі – гэта жыццё, надзея; свечкі – гэта святло, Езус Хрыстус; круглая форма вянка сімвалізуе вечнае жыццё.

Вялікая белая раратняя свечка з’яўляецца сімвалам Марыі​ як ранішняй зоркі збаўлення. Постаць Марыі Беззаганнай, якая чакае Збавіцеля, узвышаецца над усім Адвэнтам.

Пустыя яселькі падрыхтаваны да нараджэння маленькага Езуса, а пад імі – кошычак з пер’ем. 

Збіраем добрыя ўчынкі

Дзеткам і дарослым прапануем цудоўны адвэнтавы звычай – збіранне добрых учынкаў. З гэтага часу штодня кожны падчас малітвы робіць рахунак сумлення і за ўсякі добры ўчынак кладзе адну пярынку ў яслі. Гэта будзе дарам для Божага Дзіцятка на ўспамін Яго нараджэння. Так, як бацькі, чакаючы нараджэння дзіцяці, павінны падрыхтаваць сябе і дом да з’яўлення новага члена сям’і, так і мы ў Адвэнце павінны аднавіць нашыя сэрцы і “ўпрыгожыць” добрымі ўчынкамі.

Да сустрэчы!