Зварот сястры Чаславы ў сувязі з падзеямі ў Беларусі

На іншых мовах: ru
Зварот сястры Чаславы ў сувязі з падзеямі ў Беларусі

Дарагія бацькі, супрацоўнікі і сябры Місіі Добрага Самараніна!


Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў католікаў благаслаўляюцца плёны зямлі, здабытыя цяжкай працай, а сёння нават акропленыя крывёй.


У апошнія дні, знаходзячыся пад сценамі здзекаў на Акрэсціна, цяжка штокольвечы з сябе выдабыць. Гэта не з абразку, гэта сведчанне маіх родных катаваных Беларусоў. Выслухоўванне болю іх блізкіх напаўняе маўчаннем, схіленнем галавы перад вялікай Таямніцай Вызвалення Беларусі. Сэрца памятае і пра людзей, якія церпяць сёння, як і пра тых, хто напрацягу астатніх гадоў праз свае цярпенні клапаціўся пра захаванне нашай сімволікі, якая сёння лунае над краінай.

Дзякуй Вам усім, дзякуй за ахвяраванні на Місію. У чацвер мы падтрымалі сціплым харчаваннем людзей на Акрэсціна, у пятніцу праз Чырвоны Крыж перадалі сродкі гігіены ў вязніцу і надалей будзем перадаваць, таму дзякуй Вам за падтрымку.

Жадаю, каб Маці Божая не дазволіла нам згубіць надзею і выпрасіла ў Бога супакой нашым дзецям, каб не жылі ў страху, што могуць страціць маму альбо тату і самі цярпець.

Божа барані, з павагай, малітвай і прывітаннем з-пад сценаў невыказанага болю на Акрэсціна с. Часлава.