З верасня ў нашым Цэнтры пачынаюцца заняткі па тэхнічнай творчасці. Упершыню ў гісторыі. Мы вырашылі пазнаёміцца з нашым выкладчыкам бліжэй і задаць некалькі пытанняў. Пра захапленне цягнікамі, мадэляваннем і пры чым тут выхаванне дзяцей і моладзі ў нашай размове.
— Юрый, радуемся што вы сталі нашым выкладчыкам. Распавядзіце крышачку пра сябе.
Я нарадзіўся ў Бабруйску. Па першай адукацыі я інжынер-механік, скончыў БНТУ. Па-другой адукацыі я псіхолаг, скончыў БДУ. Так склалася, што ў апошні час мае цікавасці перамясціліся ў накірунку псіхічнага здароў’я. Я працую з падлеткамі і шукаю спосабы выпраўляць іх псіхічнае здароў’е адразу у падлеткавым узросце.
— Ужо шмат гадоў вы актыўна займаецеся мадэляваннем цягнікоў. Адкуль узялася гэта пасія?
Прыкладна 15 гадоў свайго жыцця я ездзіў з Мінска у Бабруйск цягніком. Таму я люблю чыгунку з дзяцінства. Потым стаў цікавіцца як гэта сістэма працуе, чытаць кніжкі пра чыгунку.
У маім дзяцінстве у крамах прадаваліся амаль што мадэльныя наборы чыгункі вытворчасці Усходняй Германіі. Я спачатку проста ў гэта гуляўся разам з маім старэйшым братам. Пазней я сам пачаў рабіць для гэтай “чыгункі” будынкі. Памятаю збіраў пешаходны мост і нешта яшчэ. Пачало атрымлівацца..
У 2000 годзе, калі я даведаўся, што у Мінску праходзяць выставы чыгуначнага мадэлізма, я сабраў свой першы модуль (частку таго вялізнага макета) выкарыстоўваючы рэйкі з таго усходнегерманскага набора і прыняў першы раз удзел у выставе.
— Чым вы ганарыцеся ў сваёй тэхнічнай творчасці найбольш?
У тэхнічнай творчасці я ганаруся найболей якраз узгаданым вышэй макетам. Адначасова маім вялікім гонарам з’яўляецца стаенка да свята Божага Наражэння якая знаходзіцца у дольным касцёле на Залатой Горцы. У стварэнні гэтай стаенкі прыняло удзел больш за 10 чалавек на чале з ксяндзом Юрыем Санько. Мне прыйшлося вучыць іх у сціслыя тэрміны. Я потым спраўдзіў – ад моманту, калі я набываў дошкі для падмакетніка, да заканчэння стаенкі прайшло крыху болей за тры месяцы.
У педагагічнай дзейнасці я ганаруся тым, што за час працы на Дзіцячай чыгунцы ў Мінску мне ўдалося распрацаваць сістэму псіхалагічнай дапамогі падлеткам у выглядзе спецыяльна арганізаванай працоўнай дзейнасці. Паводле майго вопыту, найбольш надзейны спосаб дастукацца да дзяцей малодшага школьнага узросту і падлеткаў — займацца разам з імі цікавымі і карыснымі справамі.
— Мадэляванне атасаямляецца з працай у адзіноце. Чалавек штосьці майструе, знаходзіцца сам з сабой. Вы ж мадэляваннем займаецеся з дзецьмі і падлеткамі. Чаму гэта так цікава для вас?
Да педагагічнай дзейнасці я прыйшоў вельмі проста — пачаў працаваць, пачало атрымлівацца і падабацца. Акрамя таго, як псіхолаг я лічу, што дзеці, падлеткі, юнакі і дзяўчаты патрабуюць таксама падтрымкі ў пераадоленні асобасных крызісаў, працы з псіхалагічнымі траўмамі. Гэта вельмі важна. Калі не працаваць з дзецьмі — усе хібы ў развіцці асобы непазбежна нагадаюць пра сябе ў дарослым жыцці.
Калі працаваць супольнай камандай тады можна даволі свабодна цікавіцца ўнутраным светам падлеткаў, тлумачыць ім, падказваць. Яны пачынаюць задаваць пытанні і дзяліцца сваімі праблемамі, здымаецца мноства бар’ераў. Адкрываюцца шырокія магчымасці для псіхалагічнай карэкцыі асобы падлеткаў і для хрысціянскага іх выхавання. Інакш кажучы, сумесная праца збліжае і слова за словам з дзецьмі і падлеткамі можна паразмаўляць пра сэнс жыцця, пра пакліканне, пра сямейныя адносіны, адносіны з бацькамі, настаўнікамі, пра тое, што іх клапоціць.
— Ці ёсць якія планы на будучыню?
Я б хацеў пайсці далей. У мяне быў вопыт, калі я працаваў у Палацы дзяцей і моладзі і спрабаваў адкрыць там гурток чыгуначнага мадэлізма. І калі мы пачалі будаваць прасцейшыя макеты чыгункі, я са здзізіўленнем адзначыў, што ў працэс пачалі ўцягвацца найперш бацькі, а дзеці — ўжо за імі следам. Пасля гэтага адна псіхолаг з Магілёва падкінула мне ідэю — стварыць сямейны клуб у якім бацькі з дзецьмі займаліся б агульнай цікавай і карыснай справай. Бо як зараз праводзяць час у сем’ях? Кожны ў свой яшчык. А тут яны будуць разам займацца агульнай справай пад наглядам псіхолага і адначасова тэхнічнага кіраўніка.
— Вялікі дзякуй за размову!
Дзякуй! Я вельмі спадзяюся, што пасля маіх заняткаў дзеці і падлеткі змогуць самастойна адрамантаваць мэблю ці электрапрыборы, зрабіць самы просты чарцёж. Прыходзьце!
Заняткі тэхнічнай творчасці пачнуцца з верасня.
Расклад:
– аўторак 18.15 (дзеці 6-10 гадоў)
– чацвер 18.15 (падлеткі 10-14 гадоў)
Кантактныя дадзеныя для запісу:
+375 17 343-99-17 – Рэцэпцыя
samaranin18@gmail.com