3 лістапада ў Місіі Добрага Самараніна адбыўся Баль Усіх Святых – вясёлае хрысціянскае святкаванне.
У адным месцы сабралася вялікая колькасць “святых”: святая Тэрэза са святым Францішкам, святы Арханёл Міхал і святая Уршуля Ледухоўская, анёлы Божыя на зямлі і іншыя выдатныя постаці Нябеснага Ерузалема. Выбіраць святога, прыдумваць касцюм, ствараць малюнак – гэта ўжо традыцыйныя справы для дзяцей падчас восеньскіх канікул. Гэта падзея змагла паяднаць дзетак рознага узросту, дапамагла стаць бліжэй адно аднаму праз Пана Бога.
Баль распачаўся спевамі і размовамі аб важнасці даверу да Бога. У кожнага з дзетак была магчымасць распавесці пра свайго святога, пра яго шлях да святасці, цуды, якія адбыліся дзякуючы яго глыбокай веры, добраму сэрцу і жаданню прысвечваць сваё жыццё Богу і чыстай любові да бліжняга. Дзеткі разважалі, хто такі святы, хто можа стаць святым, што чалавеку спатрэбна у жыцці для таго, каб наблізіцца да святасці. Вядома, на балі ўсіх чакалі танцы, спевы, цікавыя гульні, гоман і радасныя усмешкі. Было весела, цікава і вельмі карысна!