У Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася калядная сустрэча для ўдзельнікаў суполкі “Самаранін” і Сацыяльнага Валанцёрскага Клуба з удзелам вядомага музыкі і гусляра Алеся Чумакова ды хора “Пілігрымы” мінскага прыхода святой Вольгі. Гледачы, дзякуючы музыкам, пазнаёміліся з калядкамі з розных краінаў свету і на розных мовах, а таксама сталі сведкамі экспромтнага агульнага выступу Алеся Чумакова і хора “Пілігрымы”.
Пасля выступу спадар Алесь падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі:
“Вельмі прыемна было граць сёння. Усе госці адкрытыя, непасрэдныя, актыўна ўдзельнічалі і падпявалі: “Каляды, Каляды!” Гэта было цудоўна, вельмі душэўна і шчыра.
Сёння я выконваў песні калядныя і навагоднія розных краін свету. Мне вельмі спадабалася рэакцыя публікі на валійскую навагоднюю песню “У гарах трашчаць марозы”, прыемнай была рэакцыя на песню з Венесуэлы пра восліка. Некаторыя пачалі таньчыць з першых жа нот. Вось жа што кампазітар стварыў, як закладзена ў гэтую песню, што ўсядзець на месцы немагчыма, трэба таньчыць. А тое, што мы з “Пілігрымамі” за адну хвіліну дамовіліся на агульны выступ, то знаёмыя мы здаўна і маем шмат агульнага рэпертуару, нават часам даводзілася выступаць разам”.
Кіраўнік хору “Пілігрымы”, кандыдат мастацтвазнаўства Любоў Шпакоўская таксама адзначыла прыемнасць незапланаванага сумеснага выступу:
“Спадар Алесь адначасова і наш канкурэнт і сябар. Мы спаборнічаем – хто вывучыць болей калядак, хто лепей праспявае, хто зробіць больш канцэртаў. Гэта здаровая канкурэнцыя. І гэта цудоўна, што ёсць магчымасць такога творчага спаборніцтва.
Наш хор сёння выканаў праграму “Каляднае падарожжа”. Мы яе склалі ў мінулым, 2021 годзе, калі выпусцілі спеўнік з нотамі. Ён так і называўся “Каляднае падарожжа”. У выданні сабраныя каля 20 калядак з розных краінаў свету: індзейскія, французскія, нямецкія, ангельскія, амерыканскія. Але, вядома, у першую чаргу – беларускія. Кожны год мы пашыраем наш творчы дыяпазон. Вось сёлета мы дадалі новыя песні: нямецкую, амерыканскую, польскую калядкі і класіку ўкраінскай харавой музыкі “Шчодрык” Мікалая Леантовіча.
Адзін з хітоў нашага рэпертуару – індзейская калядка гуронскага племені, якую пераклала на беларускую мову і прапанавала праспяваць Наталля Васілевіч.
Гэты канцэрт стаўся святочным падарункам для нашых гледачоў-слухачоў. Сезон выступаў мы толькі пачынаем, бо яшчэ наперадзе праваслаўнае Раство. Канцэртны сезон будзе працягвацца амаль увесь студзень, і я вельмі задаволена, што яго пачатак атрымаўся такім цудоўным і вясёлым”.
Паглядзець усе фота можна ў альбоме “Калядная сустрэча 29.12.2022”
Для арганізацыі такіх мерапрыемстваў, творчых сустрэч і майстар-класаў мы будзем удзячныя за дабравольныя ахвяраванні, якія можна пералічыць на рахунак:
Банкаўскія рэквізіты:
УНН 102366022, АКПА 380087195000
р/р BY63UNBS30151611900000001933
ЗАТ “БСБ Банк”; БІК UNBSBY2X