Наша гісторыя

Наша гісторыя

На іншых мовах: ru en pl

Галоўным заданнем Уршулянак ва ўсе часы было выхаванне дзяцей і моладзі ў хрысціянскім духу. Таму мары пра ўласную адукацыйную ўстанову былі натуральным прагненнем сясцёр. Яны звяртаюцца да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з ініцыятывай стварэння такога Цэнтра – і атрымліваюць згоду і падтрымку.

2 лютага 2011 г. беларускія ўлады перадалі Касцёлу будынак былой школы па вул. Серафімовіча 19 у Мінску. Пабудова знаходзілся ў аварыйным стане. Неабходна была грунтоўная перабудова і рэвіталізацыя ўсёй навакольнай тэрыторыі.


28 лютага 2011 г. Уршулянкі зарэгістравалі рэлігійную арганізацыю “Дабрачынная Мiсiя Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай”. Сястра Часлава Навіцкая USJK была прызначана дырэктарам арганізацыі. Пачалася праца над будучым Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтрам.

З 2011 па 2013 гг. вялася распрацоўка праекта і яго ўзгадненне. Паралельна ішоў актыўны пошук спонсараў будаўніцтва. Дзякуючы нямецкай дабрачыннай фундацыі Renovabis, Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Італіі і тысячам неабыякавых людзей неабходныя сродкі былі сабраны. Напрыканцы 2013 г. пачынаюцца будаўнічыя працы.

З 2013 па 2017 гг. Цэнтр грунтоўна перабудавалі з улікам сучасных тэхналогій. Надбудавалі трэці паверх, старыя канструкцыі сцягнулі металічным каркасам, пабудавалі капліцу. Ад былой школы засталася толькі частка вонкавых сцен. Улетку 2018 г. будынак быў здадзены ў эксплуатацыю.

29 мая 2018 г. стаў Днём Нараджэння нашага Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра. У гэты дзень арцыбіскуп Тадэвуш урачыста асвяціў будынак і абвесціў святую Уршулю заступніцай гэтага месца. З верасня распачаўся першы навучальны год у гісторыі Місіі. Сцены напоўніліся жыццём.