У дзень пахавання дзеці Беларусі маліліся за святой памяці Папу Францішка

У дзень пахавання дзеці Беларусі маліліся за святой памяці Папу Францішка

На іншых мовах: pl ru
У дзень пахавання дзеці Беларусі маліліся за святой памяці Папу Францішка

26 красавіка ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры падчас малітвы праслаўлення “Дзеці нясуць міласэрнасць” дзеці з розных куткоў Беларусі асаблівым чынам маліліся за святой памяці Папу Францішка. Падчас пахавання Святога Айца, якое адбывалася ў Рыме, музычныя гурты з розных парафій Мінска, Слуцка, Будслава, Смалявічаў, Нясвіжа, Стоўбцаў, Івянца і Гомеля сустрэліся разам, каб прасаўляць Бога напярэдадні свята Божай Міласэрнасці.

Тэмай сёлетняга фестывалю “Дзеці нясуць міласэрнасць” была “надзея”. Кожны з удзельнікаў прывёз з сабой зробленага сваімі рукамі “пілігрыма надзеі” – папяровую постаць, якая сімвалізавала самога ўдзельніка. Дзеці змясцілі “пілігрымаў” у адмысловай лодцы пад алтаром капліцы. Гэты жэст быў асабліва вымоўным у дзень пахавання Пастыра Касцёла, які абвясціў юбілейны год і быў для кожнага з нас сапраўдным узорам чалавека надзеі.

У капліцы, перапоўненай дзецьмі, гучаў спеў малітвы “Ойча наш”.

Няхай дзіцячыя просьбы аб дары вечнага жыцця для Папы, а таксама аб ласцы супакою ва ўсім свеце, якога так моцна прагнуў Святы Айцец, будуць выслуханыя Богам.