З 17 па 20 красавіка супрацоўнікі Місіі Добрага Самараніна здейснілі пілігрымаванне ў Санкт-Пецярбург, з мэтай бліжэйшага знаёмства з асобай і дзейнасцю св. Уршулі Ледухоўскай.

Святая Уршуля з’яўляецца заснавальніцай ордэна Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага і апякункай нашай Місіі. Санкт-Пецярбург – гэта месца, адкуль распачынаецца гісторыя яе дзейнасці. У 1907 годзе Ледухоўская прыехала ў Расію, каб пераняць кіраўніцтва над інтэрнатам для дзяўчат, якія вучыліся ў гімназіі пры парафіі св. Кацярыны. Мненавіта адсюль пачаў паўставаць і рэалізаваць сваю харызму ордэн сясцёр уршулянак. На сённяшні дзень уршулянкі працуюць у 14 краінах свету (Польшча, Італія, Францыя, Германія, Фінляндыя, Украіна, Беларусь, Расія, Канада, Бразілія, Аргентына, Балівія, Філіпіы, Танзанія). Іх місіяй у Касцёле з’яўляецца выхаванне і навучанне дзяцей і моладзі. Сёстры таксама нясуць дапамогу ў тыя месцы, дзе яна асаблівым чынам неабходная.

Св. Уршуля вядомая ў галіне педагогікі і выхавання. Метады, якія выкарыстоўвала гэта святая, да сённяшняга дня застаюцца актуальнымі. Менавіта па яе ўзору супрацоўнікі нашай Місіі хочуць несці сваё служэнне ў працы з дзецьмі і моладдзю.
Удзельнікі пілігрымкі наведалі парафію св. Кацярыны Александрыйскай, пабылі ў месцах, дзе працавала св. Уршуля, а таксама пазнаёміліся з сучаснай дзейнасцю супольнасці сясцёр уршулянак у Пецярбургу. Важнай часткай пілігрымкі быў выезд на Фінскі заліў, на беразе якога, ў месцы пад назвай Мэрэнтэхці (Merentahti) калісьці знаходзілася школа, пабудаваная св. Уршуляй. Пілігрымы правялі там своёасаблівы дзень засяроджанасці, цэнтральнай часткай якога была Эўхарыстыя.

