11 лютага адзначаем Сусветны дзень хворага

11 лютага адзначаем Сусветны дзень хворага

На іншых мовах: en
11 лютага адзначаем Сусветны дзень хворага

Запрашаем 11 лютага (субота) а 12-ай гадзіне ў Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр на Святую Імшу. У гэты дзень удзяляецца сакрамэнт намашчэння хворых усім прысутным хворым і людзям пажылога ўзросту.

Сусветны дзень хворага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 11 лютага ва ўспамін Маці Божай Люрдскай па ініцыятыве святога Яна Паўла ІІ. Гэты дзень нагадвае пра абавязак добрай апекі над хворымі, пра ўсведамленне каштоўнасці цярпення хворых у чалавечым і духоўным вымярэнні. Вернік, сілы якога вельмі аслаблі па прычыне хваробы або старасці і якому з-за гэтага пагражае смерць, можа прыняць таінства намашчэння хворых. Кожны, хто годна яго прымае, атрымлівае спакой, узмацненне і мужнасць, каб па-хрысціянску прымаць цярпенні і хваробы.

Тэма сёлетняга паслання Святога Айца Папы Францішка на 31-ы Сусветны дзень хворага — “Паклапаціся пра яго. Спачуванне як сінадальнае практыкаванне аздараўлення”. Пантыфік заклікаў ставіць хворых у цэнтр увагі, каб па-сапраўднаму быць супольнасцю, якая ідзе разам. Ён заахвоціў наследаваць прыклад Добрага Самараніна, які злітаваўся над збітым і абрабаваным чалавекам, што ляжаў на ўзбочыне дарогі, не прайшоў міма, а дапамог яму. Наша Місія называецца Місія Добрага Самараніна, таму нашай галоўнай задачай з’яўляецца дапамагаць і быць побач з тымі, хто пакутуе, чакае дапамогі і падтрымкі.

Сардэчна запрашаем на Святую Імшу, а таксама на музычную праграму і пачастунак.