22 жніўня 2023 года спаўняецца 90 гадоў дзейнасці сясцёр уршулянак на беларускіх землях. У далёкі жнівенскі дзень 1933 года адбылося адкрыццё першай місіі манахінь на абшарах беларускага Палесся. Як пісала заснавальніца кангрэгацыі Уршуля Ледухоўская: “Вельмі сур’ёзная праца, місіянерства, не ў дзікай Афрыцы, Кітаі або Бразіліі сярод паўднёвых лясоў, у краінах, залітых сонцам, не там, дзе місіянер акружаны арэолам пасвячэння і ахвярнасці, а ціхая, невядомая праца… дзе ты ледзь не па калена ў гразі, дзе падчас восеньскага дажджу, зімовай завеі, вясновай адлігі немагчымая сувязь са светам”. Выбар месца для адкрыцця Місіі сясцёр уршулянак быў абраны на карысць вёскі Гарадзец (цяпер гэта Кобрынскі раён). Уршуля Ледухоўская казала: “Распачалася наша праца на Палессі з вёскі Гарадзец”. Напярэдадні, яшчэ 8 жніўня 1933 г. быў узведзены дом у гонар Андрэя Баболі. Будынак увайшоў ва ўласнасць супольнасці. І неўзабаве пачалося служэнне. Спачатку ў Гарадцы было чатыры сястры ўршулянкі, а незадоўга да вайны ўжо пятнаццаць. Сёстры ўтрымлівалі дзіцячы садок (для 30 дзетак), курсы кройкі і шыцця для дзяўчат, інтэрнат для іншагародніх вучаніц. Працавалі таксама чытальная зала і бібліятэчны абанемент. Добра была наладжана парафіяльная праца, а таксама кірунак па доглядзе за нямоглымі людзьмі. Прычым, гэты догляд аказваўся за хворымі як ў самім Гарадцы, так і ў ваколіцах.
Мясцовыя жыхары дагэтуль узгадваюць конкурсы, выставы і вечарыны, якія арганізоўвалі ўршулянкі, у тым ліку па выпяканні розных слодычаў. Экспедыцыя ў 2023 г. па мясцінах дзейнасці ўрушлянак змагла зафіксаваць нават рэцэпты, у тым ліку ўршулянскага торта (які да гэтага часу выпякаюць у мясцовай сям’і Чэрнікаў). Вучылі ўршулянкі граць дзяцей на фартэпіяна і іншых музычных інструментах. Асновы музычнай адукацыі адкрывалі для маленькіх дзівосны сусвет музыкі, і некаторыя выхаванцы на ўсё жыццё абіралі сваю дарогу ў музычнай галіне. Так, Ігар Чэрнік стаў знакамітым музыкам, атрымаў званне дзеяча культуры.
Адной з галоўных адметнасцяў в. Гарадзец быў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Менавіта ля гэтага храма жылі многія ўршулянкі. Сама святыня пасля Другой сусветнай вайны была зачынена і пераабсталявана пад школу і дзіцячы сад. Адметнай знаходкай стаў абраз, які быў адшуканы некалькі гадоў таму даволі выпадкова. Калі праводзіліся земляныя працы ля былога касцёла, экскаватар каўшом зачапіў скрутак, у якім апынуўся абраз. Цяпер гэты твор, перад якім укленчвалі сёстры ўршулянкі і многія жыхары Гарадца, знаходзіцца ў новым касцёле. І як распавядаюць вернікі, з таго часу абраз стаў больш святлейшым.
Пасля Гарадца ў хуткім часе паўсталі новыя місіі ўршулянак: Іласк (1935), Кобрын (1936), Гарадзішча (1937), Моладаў (1937), а ў 1938 г. дадалося яшчэ тры цэнтры: Янаў (цяпер горад Іванава), Красналескі і Востраў. Уршуля Ледухоўская азначала: “Гэты край, з яе такой абсалютна адасобленай прыгажосцю, якая гаворыць пра бясконцасць Бога, пра тугу, пра нешта звышнатуральнае, неапісальна таямнічае, прыцягвае сёння шматлікіх турыстаў”. Але перад тым як туды паехалі многія турысты, у нязведаныя мясціны адправіліся манахіні-ўршулянкі, якія зрабілі шмат добрых спраў. На былым касцёльным цвінтары ў Грушаве збярогся дуб, які яшчэ памятае дзейнасць уршулянак і велічны храм вёскі.
Уршуля Ледухоўская часта наведвала беларускія вёскі, дзе паўсталі місіі ўршулянак. Настаяцельніца сама хацела разумець, куды яна адпраўляе сясцёр. І таму не раз яе можна было ўбачыць у Кобрыне, у Гарадцы, Моладаве, Востраве і іншых мясцінах. Часам да аддаленых куточках прыходзілася дабірацца па бездарожжы і нават на чоўнах. Улетку 1938 г. Уршуля Ледухоўская суправаджала арцыбіскупа Філіпа Картэзі на Палессі. Папскі нунцый Філіпа Картэзі назваў яе “апосталам Усходу”. Пінскі біскуп Казімір Букраба ў жарт называў настаяцельніцу “каралевай Палесся” і ў некаторых далёкіх падарожжах па добрай волі выступаў у якасці шафёра нястомнай Уршулі Ледухоўскай. Сваёй дзейнасцю яна даводзіла, што трэба ісці служыць “…па прыкладзе Хрыста Пана, які робіць дабро”.
Адной з тых, хто спрыяў пачатку дзейнасці ўршулянак, была знаная пісьменніца Марыя Радзевіч, якая жыла паблізу ад Гарадца ў сваім маёнтку Грушава. А ў Мінску пэўны час у капліцы на знакамітым Востраве слёз (Востраве мужнасці і смутку) вісеў звон з касцёла ў Гарадцы, які фундавалі жыхары Гарадца з падзякай Марыі Радзевіч. Менавіта яна запрасіла ўрушлянак у Гарадзец. Гэты звон ужо сваёй прысутнасцю на адным з галоўных манументаў беларускай сталіцы намагаўся распавесці пра ахвярную працу сясцёр, 90-гадовы юбілей дзейнасці якіх мы цяпер узгадваем.
На фота:
1. Уршуля Ледухоўская на Палессі з дзецьмі перад домам уршулянак у Моладаве, 1937 г.
2. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Гарадзец, 1934 г.
3. Адшуканы абраз з гарадзецкага касцёла.
4. Звон “Марыя” з гарадзецкага касцёла.