2–4 чэрвеня ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адзначылі Міжнародны дзень абароны дзяцей. Свята аб’яднала дзетак Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна, удзельнікаў супольнасці “Самаранін” і выхаванцаў Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Дзень абароны дзяцей – гэта не толькі вясёлае свята для саміх дзетак, калі для ніх ладзяцца забаўляльныя і культурныя мерапрыемствы, а таксама гэта напамін грамадству аб неабходнасці абараняць правы дзіцяці, каб усе дзеці раслі шчаслівымі, вучыліся і займаліся любімай справай. Для дзяцей і моладзі з Мінска і Гомеля была прапанавана насычаная і цікавая праграма.
2 чэрвеня дзеткі Місіі і ўдзельнікі супольнасці “Самаранін” падзяліліся сваімі музычнымі талентамі і наладзілі святочны канцэрт. Як казаў святы Аўгустын: “Хто любіць, той спявае”. Выступоўцы былі такія шчырыя ў сваіх спевах, што сапраўды дакрануліся да сэрцаў слухачоў. Праз спевы дзеткі вучацца ставіць на першае месца хрысціянскія каштоўнасці, а глыбокі сэнс спеваў напаўняе і ўзбагачае іх на далейшае штодзённае жыццё.
Пасля канцэрта ўдзельнікі наведалі Мінскі заапарк, дзінапарк і дэльфінарый. Дзеці смяяліся, гледзячы на звяроў і рыб, а таксама захапляліся дэльфінамі, якія скакалі, гулялі з мячамі і малявалі. Камунікацыя з жывёламі здольна разняволіць любога дзіцяці, а таксама падштурхоўвае да разважанняў пра багаты і цудоўны свет, створаны Богам.
3 чэрвеня ўдзельнікі накіраваліся ў Будслаў, дзе ў Нацыянальным санктуарыі адбывалася заключная малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
4 чэрвеня ўдзельнікі гулялі па цэнтральных вуліцах Мінска, любаваліся каталіцкімі і праваслаўнымі храмамі гораду. У гэты дзень каталіцкі Касцёл (праваслаўныя браты і сёстры таксама) адзначае адну з вялікіх урачыстасцей – свята Святой Тройцы.
Завяршэннем трохдзённай сустрэчы стала набажэнства ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. У капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра святую Імшу цэлебраваў ксёндз Леанард Адушкевіч. Ён нагадаў прысутным легенду пра святога Аўгустына, які, разважаючы пра таямніцу Бога, адзінага ў трох Асобах, сустрэў на беразе мора хлопчыка. Той кубкам пераліваў з мора ваду ў выкапаную ямку. І калі Аўгустын сказаў відавочнае – што гэта немагчыма, – атрымаў адказ, што гэтак жа немагчыма чалавечым розумам зразумець таямніцу Святой Тройцы. Гэтая легенда – добры напамін пра тое, што нам патрэбная пакора, калі мы стараемся пазнаць і патлумачыць штосьці пра Бога. Абмежаванасць магчымасцяў нашага розуму і, адпаведна, неабходнасць пакоры, зрэшты, становяцца відавочнымі ўсё больш, калі мы пазнаём Сусвет, у якім жывём. Айцец, Сын і Дух Святы, неспасцігальная для нас ва ўсёй яе глыбіні, і менавіта гэтая любоў паказвае, наколькі мы каштоўныя для Бога.
Фота з духоўнай і культурнай праграмы да Міжнароднага дня абароны дзяцей глядзіце ў фотаальбоме.