Адбылася сустрэча ў межах адукацыйнага праекту для кансэкраваных асоб

Адбылася сустрэча ў межах адукацыйнага праекту для кансэкраваных асоб

На іншых мовах: en
Адбылася сустрэча ў межах адукацыйнага праекту для кансэкраваных асоб

15 мая ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася заключная сустрэча першага года адукацыйнага праекту, скіраванага на павышэнне асабістых кампетэнцый кансэкраваных асоб.

На майскай сустрэчы каманды ў выглядзе прэзентацый прадставілі вынікі сваёй працы па кірунках дзейнасці за першы год навучання. Наведалі сустрэчу таксама і ганаровыя госці: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і яго папярэднік, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад пачаткам сустрэчы ўсіх прысутных прывітаў галоўны каардынатар праекту ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Салезіянін падкрэсліў вялікую важнасць прысутнасці на мерапрыемстве іерархаў, бо, паводлде яго, гэтая падтрымка і ёсць духоўнай лучнасцю з мясцовым Касцёлам, а таксама пажадаў камандам поспехаў падчас прэзентацый. Пасля куратар праекту і мадэратар сустрэчы Андрэй Каралёў азнаёміў усіх з рэгламентам і парадкам правядзення сустрэчы.

Шэсць каманд прадставілі прэзентацыю сваёй працы па наступных кірунках: катэзізацыя, прафесійнае душпастырства медыкаў, праца са СМІ, праца з моладдзю і праца з сем’ямі.

Каманды дзяліліся сваімі напрацоўкамі, праблемамі, якія існуюць у згаданых сферах, а таксама асабістым вопытам. Пасля кожнай прэзентацыі адбывалася дыскуссія, у якой актыўны ўдзел прымалі іерархі. Яны задавалі спікерам пытанні, дзяліліся сваімі ўражаннямі ад прэзентацый і рабілі каштоўныя заўвагі.

 

Калі завяршылася выступленне ўсіх каманд, кампетэнтнае журы, якое складалася са спікераў праекту і прадстаўнікоў Каардынацыйнай групы вышэйшых манаскіх настаяцеляў, паставіла свае адзнакі за прэзентацыі і выкананую працу. Кожная каманда атрымала з рук арцыбіскупа Станеўскага сертыфікат на супольнае правядзенне часу на розных камандаўтваральных мерапрыемствах.

Арцыпастыр падзякаваў усім за ўдзел у праграме і пажадаў поспехаў на наступны навучальны год.

“Паразы, якія мы пераадолелі, з’яўляюцца часткай поспеху. Таму не бойцеся, адважвайцеся, бо шчасце само не прыходзіць: да яго трэба ісці. Усім вам Божага благаслаўлення, працуйце і вучыцеся”,— падбадзёрыў арцыбіскуп Станеўскі удзельнікаў праекту.

Напрыканцы сустрэчы ксёндз Віктар Гайдукевіч ад імя арганізацыйнага камітэту ўручыў невялікія падарункі іерархам і членам журы.

Сястра Марцэліна Мігач ISSM распавяла пра тую вялікую працу, якая была праведзена дзеля таго, каб адукацыйны праект стаў рэальнасцю, і падзякавала ўсім тым, хто дапамагаў у гэтай справе, асабліва ксяндзу Віктару Гайдукевічу і сястры Вікторыі Чэкан.

Завяршылася мерапрыемства супольнай Эўхарыстыяй.

Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by