Адбылося “Падарожжа па старонках Бібліі”

Адбылося “Падарожжа па старонках Бібліі”

На іншых мовах: en
Адбылося “Падарожжа па старонках Бібліі”

З 4 па​ 14 ліпеня​ ў Місіі Добрага Самараніна адбываўся другі тур летніка “Вакацыі з Богам“. Для дзетак была арганізавана праграма пад назвай​ “Падарожжа па старонках Бібліі”. Дзевяць дзён супольнага адпачынку прайшлі насычана, весела і карысна! Удзельнікі летніка знаёміліся з героямі Біблійных гісторый, маліліся, праслаўлялі Бога праз супольную творчую дзейнасць.​ Дзеткі бралі ўдзел у цікавых творчых сустрэчах і майстар-класах, спазнавалі сябе праз трэнінгавыя заняткі, наведалі Мінскі планетарый і Мінскі музей гарадскога пасажырскага транспарту. І, канешне, усіх удзельнікаў штодзённа чакаў актыўны адпачынак на свежым паветры, гульні і забавы ў добрай кампаніі.

Дзеткі весела бавілі час разам з любімымі героямі Фіндусам і Пэтсана. Інтэрактыўная пастаноўка​ па кнізе “Блінны торт” Свэна Нурдквіста з гульнямі, спевамі і рухамі​ падарыла дзеткам шмат радасці і весялосці.

Разьбяр Віктар Дудкевіч з Глыбокага прыехаў​ у Місію, каб падзяліцца сваімі ведамі з дзеткамі па гісторыі цацак і традыцыі іх вырабу, гісторыі пісьма і пачатку кнігадрукавання. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць пагуляць з драўлянымі цацкамі, папісаць на васковых таблічках​ і падрукаваць на міні-варштаце.



Ценевы лялечны спектакль па матывах кнігі “Кразі – чырвоны кракадзільчык” вучыў дзетак сябраваць, развіваць уяўленні пра сябе, здольнасць разумець іншых і ўменні ладзіць адносіны.

На занятках па кнізе​ “Скарына дзеткам” удзельнікі “вандравалі” разам з першадрукаром і даведаліся, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і друкаваў.​ Увесь гэты шлях быў звязаны з галоўнай справай Скарыны – друкам кніг Бібліі. Вынікам заняткаў​ сталі новыя веды, створаныя дзеткамі яркія тытульныя старонкі кніг​ Бібліі і​ партрэты Скарыны.

У бібліятэцы дзеткі чыталі самую марскую кнігу – “Вялікія прыгоды Какоса Маракоса” Сержа Мінскевіча. Галоўны герой Какос упаў з пальмы i паплыў. Ад Акулы ўцёк, ад Рыбы–Пiлы, ад Кальмарыка, ад Баракуды – зусiм як марскi Калабок! Пабываў у Антарктыдзе, вярнуўся зноў у цёплыя краi, дзе на цудоўным востраве прарос пальмай. Дзеткі слухалі казку-паэму і размалёўвалі марскіх жывёлінаў.

Выніковым мерапрыемствам другога туру летніка стаў тэатралізаваны аповед “Пра добрага бліжняга”. Дзеткі самі сталі акторамі і расказалі сваім сябрам і бацькам, якія прыйшлі паглядзець пастаноўку, пра дабрыню і дапамогу бліжняму. Дзеткі прадэманстравалі, што рука дапамогі заўсёды каму-небудзь неабходная, і трэба яе працягваць, бо любы з нас можа апынуцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Фінальны вечар прайшоў у цёплай і сяброўскай атмасферы. Дзеткі атрымалі падарункі на ўспамін, а таксама смачны пачастунак.

Чытайце таксама, як адбыўся чэрвеньскі летнік пад назвай​ “Пілігрым – чалавек творчы”.​

У жніўні летнік працягнецца!​ Чытайце пра​ ўсе туры летніка​ “Вакацыі з Богам”​, бо кожны мае цікавую і ўнікальную праграму.

Да сустрэчы ў Місіі Добрага Самараніна!

Падрабязнасці па тэлефонах:​​ +375 (17) 343-99-17​ /​ +375 (44) 770 09 01
E-mail:​​ samaranin16@gmail.com

Будзем удзячныя за ахвяраванні, якія можна пералічыць на рахунак:

Банкаўскія рэквізіты:
УНП 102366022, АКПА 380087195000
р/р BY63UNBS30151611900000001933
ЗАТ “БСБ Банк”; БІК UNBSBY2X

Альбо падтрымаць наз праз сістэму​ Web-pay.