У панядзелак, 14-га кастрычніка, мамы нашых дзетак сабраліся ў Цэнтры на супольнае святкаванне. Выхаванцы віншавалі матуляў з Днём Мамы.
Праграма распачалася малітвай і канферэнцыяй нашага душпастыра а. Аляксандра Шамрыцкага. Святар узгадаў прыклады мамаў якія былі абвешчаны святымі каталіцкім Касцёлам. Ён звярнуў увагу на тое, што “мамы павінны шукаць Божую волю, а не сваю ці сваіх дзяцей. Гэта ўніверсальная рэч, Божыя запаведзі паўтараюць і пацвярджаюць натуральныя каштоўнасці закладзеныя ў чалавеку”. “Жадаю вам, дарагія мамы, каб мудрасць была вашай сяброўкай па жыцці”, — скончыў а. Аляксандр.
Пасля канферэнцыі адбылася кароткая малітва. Кожны выхаванец прынес свечку да алтара як сімвал удзячнасці за сваю матулю. Усе разам праспявалі “Маці Хрыстова”, а слёзы мамаў сталі зусім нястрымнымі.
Другая частка святкавання складалася з праграмы дзяцей для сваіх мамаў. Былі вершы, спевы, танцы і пачастунак.
Фотаальбом падзеі можна паглядзець тут
Здымкі: Юрый Сідун