Адбылося ўрачыстае​ ўнясенне рэліквій святой Уршулі Ледухоўскай

Адбылося ўрачыстае​ ўнясенне рэліквій святой Уршулі Ледухоўскай

На іншых мовах: en
Адбылося ўрачыстае​ ўнясенне рэліквій святой Уршулі Ледухоўскай

25 снежня, у Свята Божага Нараджэння, у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася значная падзея – урачыстае ўнясенне ў капліцу рэліквій святой Уршулі Ледухоўскай. Менавіта пад апекай гэтай святой дзейнічае наша Дабрачынная Місія Добрага Самараніна. Падчас святой Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, рэліквіі былі ўнесены ў капліцу і ўсталяваны каля выявы святой. На цэрымоніі прысутнічалі генеральная настаяцельніца сясцёр уршулянак сястра Бэата Мазур і сястра Тэрэса Іван.

Усе фотаздымкі з унікальнай падзеі можна паглядзець у фотаальбоме “Святая Імша 25.12.2022”.

Хто такая святая Уршуля Ледухоўская?

Святая Уршуля Ледухоўскай з’яўляецца заснавальніцай Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Стагоддзе таму яна актыўна займалася педагагічнай дзейнасцю і выхаваннем дзяцей у духу хрысціянскіх каштоўнасцяў у Польшчы, Расіі, Скандынавіі і Даніі. Кангрэгацыя хутка развівалася, былі заснаваны законныя дамы і місіі ў Польшчы і ў заходніх частках Беларусі і Украіне. Сёстры займаліся дзіцячымі садкамі, школамі, апекаваліся хворымі і нямоглымі. Сёння сёстры ўршулянкі, жывучы харызматам сваёй заснавальніцы, працуюць сярод дзяцей і моладзі ў шматлікіх краінах свету, у тым ліку ў Беларусі.

Навошта ўшаноўваць рэліквіі?

Слова “рэліквіі” з лацінскай мовы перакладаюцца як астанкі, парэшткі, мошчы. Звычайна яны маюць выгляд часцінкі рэчаў або цела святога, змешчаных у адмыслова аздобленым рэліквіярыі. Ён можа быць зусім мініяцюрны, а можа мець вялікія памеры.​

Рэліквіі святой Уршулі Ледухоўскай уяўляюць часцінкі з яе скуры, якія змясцілі ў металічны рэліквіяр круглай формы, аздоблены крышталём, абвязаны шаўковай ніццю чырвонага колеру і апячатаны пячаццю.

Фізічная сустрэча са святой асобай праз пасрэдніцтва яе рэліквій дае магчымасць усвядоміць рэальнасць нашай веры. Дзеянне Бога, жыццё святых – гэта не проста словы, а найперш людзі з цела і крыві, якія жылі сярод нас і здабылі вяршыні святасці. Малітоўнае ўшанаванне рэліквій дапамагае больш рэальна перажыць сустрэчу са святой асобай.

Нагадваем, што 11 снежня ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры падчас святой Імшы адбылося ўнясенне ў капліцу і ўшанаванне рэліквій чатырох святых: святога Яна Паўла ІІ, святога Пія Х, святога Станіслава Папчынскага і благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча.

Запрашаем у капліцу Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра. Кожная сустрэча са святым праз пасрэдніцтва рэліквій – гэта нагода аднавіць нашую веру ў моц Божага дзеяння.​ ​