5-га верасня мамы і таты сабраліся на першы бацькоўскі сход. Сустрэчу ўзначаліла дырэктарка Цэнтра сястра Часлава Навіцкая.
Сястра распачала спатканне з асноўных прынцыпаў выхавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. “Сацыяльны Цэнтр стаіць на трох слупах — адукацыя, вера і любоў да Бацькаўшчыны”, — падкрэсліла дырэктарка, — “бяз гэтага няма інтэгральнай асобы. Менавіта гэтым мы адрозніваемся ад іншых адукацыйных установаў”.
Сястра Часлава падзялілася з прысутнымі бацькамі планамі і накірункамі развіцця на новы навучальны год. Як заўсёды была звернута ўвага на тое, што Цэнтр павінен быць агульнай справай — ангажаванасць і ідэйнасць шчыра вітаюцца.
Дырэктарка таксама падзякавала бацькам за “рэкламу” дашкольнай і школьнай праграм. “Амаль 90% новых дзяцей прыйшло менавіта па парадах нашых бацькоў. Гэта вельмі прыемна. Можна сказаць гэта прыйшлі нашы людзі. Вялікі дзякуй усім за распаўсюджванне інфармацыі. Амаль усе групы сабраныя і гэта ня можа ня цешыць”, — зазначыла яна.
Неўзабаве пачнуцца бацькоўскія сходы ў маленькіх групах. Мамы і таты змогуць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой і з выхавацелямі сваіх дзяцей.