Гештальт-тэрапеўт і супервізар Алена Макарчук правяла ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры сустрэчу для ўдзельнікаў суполкі «Самаранін» і Сацыяльнага Валанцёрскага Клуба. Галоўнай тэмай сустрэчы стаў пошук сваіх унутраных рэсурсаў, сваёй апоры, для таго, каб паспяваць адаптавацца ў пераменлівым свеце.
«Калі Андрэй, кіраўнік Клуба, прапанаваў мне правесці лекцыю для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, мне было крыху страшна, да гэтага часу я не працавала з інвалідамі, але ішла я сюды з цікаўнасцю. І мне сапраўды спадабалася! Я абапіралася на свой досвед, што такія людзі, з няпростым лёсам, вельмі моцныя. І я пабачыла тут людзей адухоўленых, якія шануюць жыццё, шануюць адно аднаго… Мне здаецца, што яны значна больш ведаюць пра жыццё, чым я, чым многія людзі», – падзялілася сваімі ўражаннямі Алена Макарчук.
Падчас сустрэчы кожны ўдзельнік стараўся знайсці ў сабе рэсурсы, і калі гаворка зайшла пра таленты і ўменні, усе пераканаліся ва ўнікальнасці і невычэрпнасці сваіх магчымасцей (спевы, танцы, вершы…).
«Калі ў дрэнным настроі – вельмі важна заўважыць сябе. Заўважыць, дзе ты ў гэты момант знаходзішся і што маеш фізічна і візуальна: ты сядзіш на канапе (на крэсле), у сваёй кватэры, за сваім пісьмовым сталом, са сваім смартфонам… Неабходна звярнуць увагу штодзённыя рэчы, якія мы часта не заўважаем. А калі яшчэ ўспомніць, што ты ўмееш вязаць, шыць, маляваць, то ў гэтым сапраўды можна знайсці апору і ўстойлівасць. Гэта база, якая ёсць ва ўсіх, і на яе можна абаперціся», – кажа Алена Макарчук.
Як прайшла сустрэча з Аленай Макарчук глядзіце ў фотаальбоме.
Для арганізацыі такіх мерапрыемстваў, творчых сустрэч і майстар-класаў мы будзем удзячныя за дабраахвотныя ахвяраванні, якія можна пералічыць на рахунак:
Банкаўскія рэквізіты:
УНН 102366022, АКПА 380087195000
р/р BY63UNBS30151611900000001933
ЗАТ “БСБ Банк”; БІК UNBSBY2X