Аплатковая сустрэча для наведвальнікаў Місіі

Аплатковая сустрэча для наведвальнікаў Місіі

На іншых мовах: ru pl
Аплатковая сустрэча для наведвальнікаў Місіі

Урачыстая і цёплая аплатковая сустрэча адбылася 22 снежня ў Хрысціянскім сацыяльным Цэнтры. Удзел прынялі вернікі, выхаванцы Місіі і іхныя бацькі. Таксама мерапрыемства наведалі шаноўныя госці.

У 12.00 пачалася святая Імша, цэлебраваў якую арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку Набажэнства скауты перадалі Батлеемскі агонь, а кс. Аляксандр падзяліўся сакрэтам, як захаваць палаючым гэты агонь у дамашніх умовах. Кожны заахвочаны мог атрымаць часцінку цуда для сябе, каб захаваць не толькі ў сэрцах, але і ў доме.

Пасля Імшы адбыўся святочны канцэрт-імпрэза ад дзяцей і выхавацелей Місіі. У ёй прынялі ўдзел чальцы супольнісці «Самаранін». Кранальны сюжэт Нараджэння Пана ажыў на сцэне Цэнтра. Шчыры дзякуй за пастаноўку ўсім датычным: рэжысёрам, выхавацелям, артыстам. Госці атрымалі сапраўдную асалоду, апладысменты не сціхалі!

Быў на свяце сакратар апостальскай нунцыятуры, кс. Крыштаф Сэрока, які падзякаваў за запрашэнне і адзначыў добрымі словамі працу Цэнтра. Сёстры Уршулянкі шчыра ўдзячны кс. Крыштафу за падтрымку Місіі і ўдзел у пашырэнні магчымасцяў для дзяцей і супрацоўнікаў.