Сёлета ў Сацыяльным Цэнтры адкрываецца адразу некалькі мастацкіх гурткоў. Працаваць з вучнямі будзе мастацтвазнаўца Ларыса Царова. Мы папрасілі спадарыню Ларысу распавесці колькі словаў пра свае густы, падыходы і сваю дарогу з мастацтвам.
— Спадарыня Ларыса, распавядзіце крышачку пра сябе. Падзяліцеся крышачку вашай прафесійнай і жыццёвай гісторыяй.
— Па лініі маці шмат маіх продкаў былі звязаныя з мастацтвам. Дзядуля і бабуля — мастакі, маці — архітэктар. З дзяцінства малюю, а таксама захапляюся музыкай, марыла стаць музыкантам. Але прафесійна ўсё ж пайшла шляхам выяўленчага мастацтва: спачатку Мінская мастацкая вучэльня (аддзяленне жывапісу), праз некалькі год, ужо маючы сям’ю, вучылася ў Беларускай Акадэміі Мастацтваў, якую скончыла па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства”.
Уся мая прафесійная дзейнасць атрымалася звязанай з выкладаннем. Я працавала настаўнікам малявання, чарчэння і гісторыі мастацтваў у школе. Пазней выкладала ў каледжы. Апошнія 10 год маёй працы былі прысвечаны выкладанню гісторыі сусветнага і беларускага мастацтваў, матэрыяльнай культуры Беларусі.
Ну а што тычыцца маёй сям’і, дык у гэтым годзе мы адзначылі прыгожую дату – 33 гады сумеснага жыцця з мужам Дзмітрыем. Выгадавалі 2-х дачок, яны ўжо дарослыя, абедзве маюць вышэйшую адукацыю. У нас трое ўнукаў! Таксама выхоўваем дзевяцігадовага сына Мар’яна.
— Падзяліцеся з намі вашымі мастацкімі захапленнямі? Кім альбо чым натхняецеся найболей?
— Мастацкіх захапленняў шмат. Я, як мастацтвазнаўца, бачу таленавітае і прыгожае ў розных эпохах і накірунках.
Вельмі люблю беларускае мастацтва. Люблю Паўночнае Адраджэнне, Галандыю 17 ст., Рэмбрандта, Вермеера, Візантыйскі іканапіс, стыль Мадэрн, японскую гравюру і яшчэ шмат чаго — не пералічыць!
— Ці важна дзяцей з ранняга дзяцінства прывучваць да мастацтва? Навошта гэта?
Я не сумняюся, што далучэнне дзяцей да мастацтва — гэта добра. Гэта развіццё фантазіі, уяўлення, эмоцый, мастацкага густу, узбагачэнне вобразнага мыслення. Гэта фарміраванне асобы здольнай больш тонка і глыбока ўспрымаць свет у цэлым.
— Вы ўсе жыцце выкладаеце мастацтва, а распавядзіце нам колькі словаў пра вашых найбольш выбітных вучняў. Кім ганарыцеся найболей?
Так, сапраўды, вучняў шмат. Сярод іх ёсць ужо вельмі аўтарытэтныя дызайнеры, кіраўнікі фірм, мастакі — ілюстратары кніг і часопісаў, фотамастакі, выкладчыкі і г.д. Я не лічу сябе асноўным выкладчыкам, бо прадметаў у каледжы ў якім я выкладала было шмат, але ведаю, што мае заняткі таксама мелі пэўны ўплыў на станаўленне і раскрыцце творчай дзейнасці маіх вучняў. Напрыклад, шмат гадоў на саtholic.by працавала фотамастак і дызайнер Аляксандра Шчыглінская. Яна вучылася ў мастацкім каледжы і была сярод маіх вучняў.
Можна было б яшчэ ўзгадваць прозвішчы, але зраблю акцэнт на вучаніцы, якой не магу не ганарыцца — гэта мая старэйшая дачка. Яна зрабіла мастацкае афармленне некалькіх кніг і часопісаў, а таксама нарадзіла і выхоўвае траіх дзяцей, якіх таксама сваім прыкладам далучае да свету мастацтва.
— Як будуць выглядаць вашы заняткі ў Сацыяльным Цэнтры? Будзе болей тэорыі ці практыкі?
Я думаю, што малышам больш падабаецца практыка, яны любяць эксперыментаваць. Дзеці школьнага ўзросту, асабліва сярэдняга і старэйшага, больш схільныя ўспрымаць тэорыю, не кажучы ужо пра дарослых. Я стараюся спалучаць тэорыю з практыкай — так цікавей!
— Наколькі мне вядома, вы таксама спецыялізуецеся ў беларускім мастацтве. Якая роля будзе надавацца айчыннаму мастацтву ў кантэксце нашых заняткаў?
— Я планую выкарыстоўваць элементы народнага беларускага мастацтва на занятках малявання з малодшымі дзеткамі, даваць пэўныя веды з мастацкім працягам для сярэдніх і старэйшых класаў па беларускай архітэктуры, іканапісу, па кнігадруку, па традыцыйных рамествах.
Для дарослых і моладзі планую заняткі, дзе можна знаёміцца з рознымі відамі беларускага мастацтва ў гістарычным кантэксце, то бок мы пачнём са старажытнага Полацка і будзем рухацца па эпохах і стылях. Прынамсі, я абавязкова планую ахопліваць самае цікавае і важнае са скарбаў беларускага мастацтва. Ну вось, прыкладна так. І няхай Бог мне дапаможа!