11 лютага, у Сусветны дзень хворага, у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася святая Імша з удзяленнем пажылым і нямоглым сакрамэнту хворых, які яднае чалавека з Хрыстом, умацоўвае яго, робіць адважным сярод выпрабаванняў.
Сусветны дзень хворага нагадвае пра абавязак належнай апекі над хворымі, пра ўсведамленне каштоўнасці цярпення хворых у чалавечым і духоўным вымярэнні. Вернік, сілы якога значна аслаблі па прычыне хваробы або старасці і якому з-за гэтага пагражае смерць, можа прыняць сакрамэнт намашчэння хворых. Кожны, хто годна яго прымае, атрымлівае спакой, узмацненне і мужнасць, каб па-хрысціянску прымаць цярпенні і хваробы.
Тэма сёлетняга паслання Святога Айца Папы Францішка на 31-ы Сусветны дзень хворага — “Паклапаціся пра яго. Спачуванне як сінадальнае практыкаванне аздараўлення”. Пантыфік заклікае ставіць хворых у цэнтр увагі, каб па-сапраўднаму быць супольнасцю, якая ідзе разам. Ён заахвочвае наследаваць прыклад Добрага Самараніна, які злітаваўся над збітым і абрабаваным чалавекам, што ляжаў на ўзбочыне дарогі, не прайшоў міма, а дапамог яму. Галоўнай задачай нашай Місіі Добрага Самараніна з’яўляецца дапамагаць і быць побач з тымі, хто пакутуе, чакае дапамогі і падтрымкі.
Падарункам для прысутных сталі музычныя малітвы ў выкананні знакамітага кампазітара і музыкі Аляксандра Віслаўскага.
Фотаздымкі глядзіце ў альбоме “31-ы Сусветны дзень хворага”.