Да дня святога Юзафа: пра тату і сына. Кранальная гісторыя з уршулянскіх мясцінаў.

Да дня святога Юзафа: пра тату і сына. Кранальная гісторыя з уршулянскіх мясцінаў.

Да дня святога Юзафа: пра тату і сына. Кранальная гісторыя з уршулянскіх мясцінаў.

Бацька і сын. Павел і Ігар Чэрнікі.
Фота з сямейнага архіва Чэрнікаў.

 

Дзень святога Юзафа, які адзначаецца 19 сакавіка, традыцыйна лічыцца днём татаў. Святы Юзаф з’яўляецца, па вобразу і падабенству Бога, клапатлівым і любячым бацькам.
У гісторыі дзейнасці манахінь уршулянак на беларускіх землях было нямала прыкладаў узаемапавагі і падтрымкі сярод татаў і дзяцей. Але адзін з самых яскравых адбыўся ў вёсцы Гарадзец Кобрынскага раёна. Менавіта ў гэтай мясціне ў 1933 годзе з’явілася першая місія ўршулянак на беларускіх землях. Настаяцельніца Уршуля Ледухоўская адзначала: “Распачалася наша праца на Палессі з вёскі Гарадзец”. Ініцыятарам дзейнасці ў гэтай мясціне была славутая пісьменніца Марыя Радзевіч, якая жыла непадалёку ў маёнтку Грушава.
Карысныя захады Марыі Радзевіч у справе медыцынскай дапамогі мясцоваму люду падтрымліваў мясцовы фельдчар Павел Чэрнік. Ягоная прафесія была асабліва важнай на вёсцы. Менавіта ён арганізаваў першую ў Гарадцы амбулаторыю і бальніцу.
Дзеці Паўла Чэрніка – Ігар з сястрой Людмілай, першую адукацыю атрымалі дзякуючы ўршулянкам. Ужо пасля жонка Ігара Чэрніка прыгадвала:
“Ігар Чэрнік любіў распавядаць пра касцёл. Там былі ўршулянкі. Ён з сястрой хадзіў у іх вучыўся. Шмат Ігар пра ўршулянак распавядаў. Ён з сястрой хадзіў на фортэпіяна займацца. Пасля і дома ў нас было фартэпіяна. Пасля ён пачынаў працу ў школе, быў настаўнікам спеваў. Ён быў улюбёны ў сваю справу”.

Свой музычны талент Ігар Чэрнік пачаў развіваць менавіта дзякуючы ўршулянкам. З музыкай ён звяжа свой лёс на ўсё жыццё. І ўжо ў дарослым веку стане заслужаным працаўніком культуры Беларусі.
Ягоны тата Павел Чэрнік хацеў, каб сын стаў медыкам і працягваў пачэсную справу дапамогі людзям. Але сын пайшоў сваім “музычным” шляхам. І сваім талентам прыносіў радасць ўсяму беларускаму краю.
Аб’ядноўвала ўсю сям’ю Чэрнікаў і вера ў Бога. Жонка Ігара Чэрніка прыгадвала пра мужа: “Да веры ён ставіўся станоўча. Хадзіў у касцёл разам з татам. З уршулянкамі ў яго было моцнае сяброўства…”.
Напрыканцы свайго зямнога жыцця Павел Чэрнік пакінуў такі кранальны ліст свайму сыну:

Дорогой сыночек.
Мне уже недолго
осталось жить.
Когда меня не станет
ты не очень горюй,
не бросай своих земных
забот и трудов.
А если соскучишься,
постарайся побыть один.
Вспомнишь обо мне, и я приду к тебе.

Я буду всего лишь
тенью, но всё же
приласкаю и обниму тебя.

Давайце і мы з добрай думкай узгадаем нашых мілых бацькоў. А гісторыя сям’і Чэрнікаў будзе для нас добрым прыкладам, які сведчыць пра повязь бацькоў і дзяцей не толькі на гэтым свеце.

 

Павел Каралёў

 

Ігар Чэрнік. Фота з сямейнага архіва Чэрнікаў.

 

Ігар Чэрнік з сястрой Людмілай. Першую адукацыю яны атрымлівалі дзякуючы ўршулянкам.

 

Ліст таты да сына