14 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры пры Місіі Добрага Самараніна ў Мінску прайшоў дзень засяроджання для законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Каля 30-і сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў сустрэлася разам, каб праз разважанне над тэмай канферэнцыі, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыю ўзмацніцца на шляху паклікання.
Сустрэча распачалася з канферэнцыі, якую прамовіў айцец Павел Раманчук OFMConv, адказны за душпастырства законных сясцёр ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святар заахвоціў сясцёр паразважаць над пытаннямі, чаму і якім чынам кансэкраванае жыццё з’яўляецца скарбам.
Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ўдзельніцы рэкалекцый мелі магчымасць у цішыні паразважаць над пачутым у канферэнцыі і прыступіць да сакрамэнту паяднання ў святой споведзі.
Цэнтральным момантам дня засяроджання стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з іерархам святую Імшу канцэлебраваў айцец Павел Раманчук OFMConv. Напачатку арцыбіскуп Станеўскі шчыра прывітаў усіх сясцёр і пажадаў, каб падчас гэтага дня засяроджання Бог напоўніў іх сваёй прысутнасцю.
Напрыканцы Святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі пажадаў сёстрам, каб яны былі для іншых людзей натхненнем і неслі ў сучасны свет Бога.
Напоўненыя Божай прысутнасцю, узмоцненныя Божым Словам і супольнай малітвай, сёстры з удзячнасцю за дзень засяроджання, падобна апосталам, пайшлі далей у свет, каб несці кожнаму чалавеку Бога.
(крыніца catholic.by)