У бібліятэцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра адбыліся чытанні кнігі “Хаім Суцін” Марыянны Сухавей. Кніга стала для дзетак цікавым падарожжам па свеце вялікага мастака.
Выбітны прадстаўнік Парыжскай школы нарадзіўся ў 1893 годзе ў мястэчку Смілавічы, пад Мінскам. Дзяцінства Суціна прайшло ў беднаце, але ён быў мэтанакіраваным хлопчыкам і адправіўся вучыцца ў Мінск, Вільню, а потым – у Парыж. Цяпер творы мастака прадстаўлены ў найбуйнейшых музейных зборах свету. Пасля прачытання дзеткі разважалі над пытаннем “Як атрымалася, што бедны хлопчык з невялікага мястэчка стаў славутым мастаком?”
Юным чытачам было прапанавана паўдзельнічаць у творчым заданні па кнізе. Дзеткі засяродзіліся на фрагменце: “Хаім быў такі бедны, што грошай ледзь хапала на хлеб з селядцом. Але нават калі жывот ягоны бурчаў ад голаду, ён усё роўна спачатку рабіў накід свайго сціплага абеду, а потым ужо з’ядаў яго – вось як моцна ён любіў мастацтва”. Юныя чытачы фантазіравалі, якія абеды мог мець і замалёўваць мастак.
Фотаздымкі з бібліятэчных чытанняў глядзіце ў альбоме “Бібліятэчныя чытанні”.
Узгадайма, што нядаўна ў бібліятэцы адбыліся чытанні пра яшчэ аднаго вядомага мастака Парыжскай школы — кнігі “Марк Шагал” Марыянны Сухавей і Надзі Пярцовай.