Дзеці з розных куточкаў Беларусі праслаўлялі Бога ў Мінску

Дзеці з розных куточкаў Беларусі праслаўлялі Бога ў Мінску

На іншых мовах: en
Дзеці з розных куточкаў Беларусі праслаўлялі Бога ў Мінску

Дзеці з розных куточкаў Беларусі сабраліся разам у Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры пры дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай, каб праславіць Уваскрослага Хрыста і дакрануцца да крыніцаў Яго Міласэрнасці.

“Дзеці нясуць міласэрнасць” – так называецца фестываль, які адбыўся 15 красавіка, піша “Каталіцкі Веснік” .

Малітва праслаўлення была напоўненая шматлікімі кранальнымі момантамі.

Вельмі ўразіў высокі ўзровень выканання спеваў, разнастайнасць рэпертуару і вялікая колькасць таленавітых дзяцей, падлеткаў, іх кіраўнікоў і арганізатараў.

На думку прыходзяць словы з Евангелля: “Калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае” (Мц 18, 3).

Якая яна, дзіцячая малітва праслаўлення?

– Шчырая, ды вясёлая. З узнятымі рукамі да свайго нябеснага Айца, з радаснай усмешкай да сябра, з цёплымі абдымкамі тых, хто стаіць побач і, канешне, з сэрцам, палаючым любоўю да Бога і бліжняга.

Сваімі ўражаннямі ад фестывалю падзяліліся яго ўдзельнікі.

Вераніка Раманенкава, парафія святога Францішка, г. Мінск, Мастацкі кіраўнік дзіцячага ансамбля Transitus, кандыдат мастацтвазнаўства.

На малітве праслаўлення мы з дзецьмі ўжо другі раз. Былі год таму. Дзеці засталіся вельмі задаволенымі. Таму ў гэтым годзе без сумніваў зноў вырашылі прыняць удзел.

Ды і ўвогуле наш хор “Transitus” прымае ўдзел ва ўсіх магчымых музычных мерапрыемствах, якія ладзяцца каталіцкім касцёлам. У свецкіх конкурсах мы таксама бяром удзел. Нам усё цікава і ўсё трэба. Дзецям падабаецца любы рух, а асабліва той калі трэба некуды ехаць. Мы разам з братамі капуцынамі стараемся падтрымліваць такія памкненні дзяцей да глыбейшай духоўнасці праз творчасць і музыку.

Для мяне асабліва цёплым момантам стала ўдзяленне бласлаўлення нашым любым і глыбокапаважаным арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

На малітве праслаўлення мы заспявалі два спевы: “Соль зямлі” (аўтар Людміла Капцэвіч) і “Laudato si” (музыка традыцыйнага італьянскага спеву, тэкст на падставе “Песні стварэнняў” св. Францішка).

Мы з парафіі святога Францішка, таму выбралі спеў з ягонымі словамі, ды і музыка бадзёрая. Дзеці нашы такія спевы ой як любяць.

Спеў “Соль зямлі” вельмі крануў мяне асабіста. Яго напісала вельмі шчырая жанчына, якае разумее каштоўнасць кожнага слова і можа яго ўвасобіць у музыцы. Тэкст у гэтай песні павучальны і натхняе на дабро. Таму, безумоўна, мы выбралі яго для выканання.

Хачу сказаць камплімент у адрас арганізатараў малітвы і сястры Чаславы. З іх боку адчувалася і шчырасць, і цярплівасць, і клопат пра розныя дробныя і вялікія моманты.

Вельмі добра, што арганізоўваюць гэту малітву ў фармаце спеваў. Шчыра кажучы, музыка каталіцкай царквы ў Беларусі пакуль што малапрафесійная. І сітуацыя не выправіцца, калі мы не будзем рабіць крокі наперад.

Падрыхтоўка да канцэртаў, малітваў, фестываляў вельмі ўздымае выканальніцкі ўзровень. Калі мы глядзім адзін на аднаго, то бачым свае недахопы, а таксама — лепшыя бакі суседзяў. Гэта дапамагае нам імкнуцца вышэй.

Анастасія Усніч, парафія Маці Божай Ружанцовай, г. Мінск, кіраўнік гурта “Міхаэлькі”.

На малітву мяне запрасілі як кіраўніка дзіцяча-моладзевага гурта «Міхаэлькі», а таксама ў дапамогу арганізатарам у якасці акампаніятара для іншых гуртоў.

Сёлета ў наш абавязак уваходзіла адкрыццё малітвы праслаўлення і выкананне агульнага фінальнага спеву. Разам з тым, мы былі аніматарамі ў другой неафіцыйнай частцы (дапамагалі праводзіць танцы, спевы, гульні).

Напачатак малітвы мы абралі спеў,  не зусім вядомы для католікаў Беларусі, але вядомы для шматлікіх вернікаў усяго свету — «Ты наш Бог, Ты наш Цар» (You are good — David Nkennor). Ён нясе ў сабе сапраўдны дух праслаўлення. Тэкст з англійскай мовы перакладалі самі.

Выкананне апошняга агульнага спеву ўражвае і ўзрушвае сэрца кожны год! Не зважаючы на штодзённую мітусню, абставіны, у якіх знаходзіцца сучасны свет, дзякуючы такім малітоўным сустрэчам адчуваецца хрысціянская еднасць.

Экуменічны дух малітвы праслаўлення гэтага года запомніцца надоўга. Больш за ўсё мяне захапіла выкананне праваслаўнага гурта «Пілігрымы» Мінскага прыходу ў гонар святой княгіні Вольгі, якія сваім удзелам сведчылі, што ўсе мы хрысціяне. І хрысціяне ўмеюць і павінны разам маліцца, праслаўляць Бога і бавіць час.

«Дзеці нясуць міласэрнасць» — гэта магчымасць не толькі супольнай малітвы, але і новыя знаёмствы, узбагачэнне новым музычным рэпертуарам, пазітыўны настрой.

Эмілія Дасюкевіч, парафія Святога Казіміра, Маладзечна, гурт «Зярняткі».

Я вельмі люблю ўдзельнічаць у розных касцёльных актыўнасцях, бо гэта цікава, а таксама і развівае. Раней я прымала ўдзел у выступах ад нашай парафіі. Напрыклад, на Каляды ці на свята св. Казіміра.

На малітве праслаўлення мы спявалі песні «Душа весяліцца» і «Пане, мы твае дзеці». Я не хвалявалася, бо ўжо шмат разоў выступала на сцэне і побач былі сапраўдныя сябры.

Мне ўсё вельмі спадабалася на свяце, асабліва ветлівасць і клопат іншых людзей. Гэта была вельмі цудоўнае падарожжа. Я ўдзячная Богу за такую магчымасць і Ірэне, кіраўнічцы нашага хору, за яе цярплівасць і любоў.

Ігар Лапата, парафія Святога Казіміра г. Маладзечна, гітарыст дзіцячага хору «Зярняткі».

Калі прадстаўляецца магчымасць зрабіць штосьці на карысць Бога і роднай парафіі, я заўсёды гатовы браць удзел. Дагэтуль я ўдзельнічаў у шматлікіх дабрачынных мерапрыемствах нашай парафіі і парафіяльнага Caritas.

Кіраўнік нашага хору Ірэна запрасіла мяне паехаць дапамагчы і разнастаіць наша выступленне гітарным гукам. Для мяне гэта быў вельмі цікавы досвед.  Пазнаёміцца з велізарнай колькасцю людзей, сэрцы якіх палаюць адной мэтай!

Кожны выхад на сцэну ў той, ці іншай ступені, гэта хваляванне. Ці ўсё атрымаецца? Ці атрымаецца зацікавіць слухачоў?

Таму было няпроста, але з Божай дапамогай і хваляй пазітыву ад слухачоў у нас  усё атрымалася!

Мяне больш за ўсё захапіла атмасфера. Розныя людзі, з самых дальніх куткоў нашай Радзімы аб’ядналіся разам каб сваімі талентамі славіць Імя Езуса Хрыста.

Да таго ж, мерапрыемства атрымалася і міжканфесійным. Нашыя браты праваслаўныя, якія ўжо святкуюць Перамогу Пана над смерцю, таксама парадавалі ўсіх сваім выступленнем.

Нельга не адзначыць арганізаванасць і гасціннасць з боку арганізатараў імпрэзы. Сапраўды адчувалі сябе ўтульна. Як дома:) Божа, адудзяч!

Злата Іванская, парафія Святога Казіміра, г. Маладзечна,  гурт «Зярняткі».

Разам з хорам мы некалькі разоў наведвалі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, завітвалі ў суседнія парафіі з невялічкімі канцэртамі. Таксама я была на выставе нашай парафіянкі, беларускай мастачкі — Лізаветы Чырванцавай. Дапамагала арганізоўваць і прымала ўдзел у «Андрэйках» і «Балі ўсіх святых», якія праводзіліся ў нашай парафіі. Па пятніцах я прымаю ўдзел у Арт-тэрапіі, дзе кожны раз у нас атрымліваецца нешта цудоўнае.

У мінулым годзе мы ўжо былі ў Хрысціянскім Сацыяльным цэнтры. Таму хацелася даведацца, што ж цікавага будзе на гэты раз.

Дзякуючы арганізатарам, мерапрыемства атрымалася вельмі цікавым. Спачатку быў канцэрт, пасля якога арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў да людзей сваё слова. Потым быў смачны абед і забаўляльная праграма. Пакуль дарослыя танцавалі, да дзяцей завітаў клоўн. Асабіста мне найбольш спадабаўся канцэрт, падчас якога мы слухалі песні, большасць з якіх ведалі, таму рады былі падтрымаць выступоўцаў сваім спевам.

Ксенія Луцэнка, парафія св. Яна Евангеліста і св. М. Кольбэ, г. Мінск, гурт «Божыя ягняткі».

У мінулым годзе наш гурт удзельнічаў у праслаўленні «Дзеці нясуць міласэрнасць», а таксама мы спяваем на нядзельных Імшах, праслаўляючы Пана Бога!

Калі з’яўляецца магчымасць спяваць на хвалу Пана, ды яшчэ разам з іншымі дзецьмі, а потым весяліцца, гуляць, сябраваць — гэта так цудоўна! Бо Бог любіць радасць у нашых сэрцах.

Вельмі запомніліся спевы, а таксама другая частка свята: танцы, смачная піцца, сустрэча Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, творчыя заняткі.

Мы зусім не хваляваліся, бо ведалі, што ўдзельнікі падтрымліваюць, і спяваюць разам з намі.

Яўгенія Касцюкевіч, парафія святога Казіміра, г. Маладзечна, гурт «Зярняткі».

Я вельмі люблю ўдзельнічаць у актыўнасцях Касцёла. Ужо прымала ўдзел у тэатральнай пастанове. Нам прапанавалі паехаць — мы прыехалі. На малітве праслаўлення мне вельмі спадабалася слухаць іншых.

Размаўляла Вікторыя Філіпенка,
газета Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі Веснік” / CatholicNews.by