У нядзелю, 27-га студзеня, наша Місія святкавала Дзень дзядулі і бабулі. З розных куткоў Беларусі на ўрачыстасць з’ехалася некалькі дзясяткаў бабуляў і дзядуляў нашых выхаванцаў.
Святкаванне распачалося Святой Імшой пад кіраўніцтвам нашага душпастыра а. Аляксандра Шамрыцкага МІС. Мы заўсёды цешымся, калі капліца не можа змясціць усіх вернікаў, і ўвесь першы паверх цэнтра робіцца адной суцэльнай капліцай.
Пасля літургіі кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прамовіў канферэнцыю для тых, хто сабраліся на свята. Святар звярнуў увагу на значэнне і ролю бабуляў і дзядуляў у выхаванні сваіх унукаў. Прыемна, што большасць выпадкаў, пра якія гаварыў кс. Дзмітрый, абапіраліся на яго ўласны досвед адносінаў са сваімі бабулямі і дзядулямі.
Пасля канферэнцыі бацькі нашых дзяцей паказалі спектакль пра Беласнежку. Злая Каралева, Чароўнае Люстэрка і зухаватыя гномы не пакінулі абыякавымі нікога, а асабліва – нашых дзяцей. “Леў, твая мама!”, “Эміля, твой тата!” – з захапленнем выкрыквалі дзеці, калі пазнавалі бацькоў сваіх сяброў у ролях казачных персанажаў.
Пасля спектакля маленькі ансамбль бацькоў выканаў песню-дыялог бабулі і дзядулі.
Затым прыйшоў час для канцэртнай праграмы дзяцей Місіі. Выхаванцы спявалі, чыталі вершы на розных мовах, танцавалі і падарылі ўсім дзядулям і бабулям віншавальныя паштоўкі.
Напрыканцы ўсе прысутныя сабраліся на ўрачысты пачастунак, падрыхтаваны сваімі рукамі, што падсумавала гэты радасны дзень.
Заўсёды радасна, калі сцены Місіі гудуць, а жыццё – віруе. Усіх моцна абдымаем!
Усе фоты можна паглядзець і спампаваць тут
Здымкі: Юрый Сідун