Позняя восень, зіма ды ранняя вясна – самыя непрадказальныя часіны году для бацькоў з малымі дзецьмі. Кожнаму знаёма сітуацыя, калі зранку прачынаешся – а ў дзіцяці, які яшчэ ўчора весела бегаў па садку ці школьным калідоры – высокая тэмпература ды чырвонае горла. Як змагацца з частымі прастудамі, правільна лячыцца ды ўмацоўваць імунітэт – пра гэта ды многае іншае распавядаў падчас сустрэчы ў Хрысціянскім Сацыяльным цэнтры самы вядомы беларускамоўны дзіцячы лекар Андрэй Вітушка.
Андрэй Вітушка – рэаніматолаг-неанатолаг, педыятр, кандыдат медыцынскіх навук, папулярызатар навукі і доказнай медыцыны, вядучы тэлевійнай перадачы.
(змест сустрэчы прыводзім тэзісна)
Пра прафілактыку ВРВІ (вострых рэспіраторных вірусных інфекцый)
Як вірус трапляе ў арганізм? Начасцей гэта адбываецца так: чалавек, які хварэее, чыхнуў. Ягоныя выдзяленні, слізь, патрапіла на аб’екты знешняга асяроддзя. Іншы чалавек узяўся за гэты аб’ект, пасля паднёс рукі да вачэй ці да носа. На аб’ектах нежывой прыроды гэтыя кропелькі захоўваюцца два дні. І калі мы дакрануліся да носа ці да вачэй – хапае 10 секунд, каб вірус зайшоў да нас у арганізм і пачаў сваё памнажэнне. Таму вельмі важна мыць рукі – гэта самы галоўны спосаб прафілактыкі перадачы вірусаў.
Рукі правільна мыць не менш за 10 сек. Непамытымі рукамі не дакранацца да носа і вачэй. Калі няма магчымасці памыць рукі – маюць сэнс антыбактэрыяльныя сурвэткі. Аб’екты навакольнага асяроддзя, на якія можа патрапіць слізь з вірусам, таксама трэба мыць. Частая вільготная прыборка!
Ёсць і паветрана-кропельны шлях. Калі чалавек кашляе, з яго вылятае слізь, і ў гэтай слізі ўтрымліваецца вірус. І калі іншы чалавек удыхае гэтае паветра, ён таксама заражаецца. Цікава, што для віруса грыпа чалавеку не трэба кашляць – ён дыхае і, як той Змей Гарыныч, выдзяляе вірус у навакольнае асяроддзе. У якасці прафілактыкі грыпа паказана вакцынацыя – палягчае цячэнне хваробы, змяншае колькасць ускладненняў.
Этыкет чыхання: чыхаць трэба не ў навакольнае асяроддзе, а ў сурвэтку ці хаця б у локаць.
Калі браць энтэравірусы (тыя ж каксакі, хвароба “рука-нага-рот”, герпангіна), то заражэнне імі адбываецца пры кантакце з фекаліямі хворага чалавека – такая ёсць асаблівасць.
Пра лячэнне ВРВІ
Рэспіраторныя інфекцыі – гэта хваробы, якія сканчваюцца самі па сабе. Гэта самыя распаўсюджаныя хваробы ў дзяцей (80-85% педыятрычнай практыкі – гэта рэспіраторныя інфецыі, вірусныя альбо кішэчныя). Арганізм сам спраўляецца з імі, і наша задача – падтрымаць яго: даць дастаткова вадкасці, знізіць занадта высокую тэмпературу ды інш. Таму самае важнае ў лячэнні такіх інфекцый – гэта не прэпараты, а адукацыя бацькоў ды выхавацеляў.
Грып – гэта адзіная рэспіраторная вірусная інфекцыя, для якой выкарыстоўваецца адмысловае супрацьвіруснае лячэнне – прэпарат “Таміфлю” альбо беларускі аналаг “Флустоп”. Але ў Беларусі даступныя прэпараты толькі ў капсулах, і могуць ужывацца ў дзяцей пасля 12 гадоў.
Дык з чаго складваецца гэтае цудоўнае падтрымліваючае лячэнне? На самой справе ўсё проста: па-першае, дастатковая колькасць вадкасці. Нават калі хвароба праходзіць без высокай тэмпературы, з-за якой губляецца шмат вадкасці, амаль заўсёды ёсць насмарк. Насмарк – гэта вада, адпаведна ён прыводзіць да абязвожвання арганізма. Таксама рэкамендуецца цёплае піццё – чаму цёплае, бо лічыцца, што тады слізь у носе становіцца больш вадкай. Па-другое, прамыванне носа фізіялагічным растворам – гэта не дае застайвацца слізі і вымывае вірусы, якія знаходзяцца на паверхні слізнёвых абалонак. Па-трэцяе, туалет носа – нос трэба чысціць; ці смаркацца, ці высмоктваць слізь грушай. Ну і камфортнае асяроддзе з высокай вільготнасцю. Здаровы асяродак для дзяцей – гэта тэмпература да 22℃ і вільготнасць 50-60%. Падняць вільготнасць у пакоі можна адмысловым увільгатняльнікам альбо народным спосабам – пакласці мокры рушнік на батарэю.
Пра павышаную тэмпературу і ментолавыя прэпараты
Заходнія лекары раяць збіваць тэмпературу, калі яна дасягнула 39 ℃ (раней планка была 38 ℃). Але калі дзіцё кволае, адчувае дыскамфорт – можна даць жарапаніжаючае і раней. Калі дзіцё адчувае сябе добра, актыўнічае – можна абцерці вадой пакаёвай тэмпературы.
Аспірын для збівання тэмпературы ў дзяцей не ўжываецца. Толькі парацэтамол ці ібупрафен. Кожны з іх можна ужываць кожныя 6 гадзін.
Даследанні не пацьвердзілі адназначны ўплыў лекаў з утрыманнем ментолу (напрыклад, “Доктар Мом”) на цячэнне хваробы, але многія пацыенты адзначаюць, што пры ўжыванні такіх прэпаратаў ім прасцей дыхаць – у такіх выпадках нічога не замінае карыстацца такімі лекамі (напрыклад, націраць ногі ці грудную клетку).
Пра кашаль
Кашаль – гэта значны сімптом рэспіраторна-вірусных інфекцый. Нярэдка бывае так, што ён цягнецца доўга – па некалькі тыдняў. Бываюць вірусы, якія ўдзейнічаюць на слізнёвую абалонку трахеі, яна становіцца “лысая”, губляе свае ўласцівасці. Чалавек пачынае ўдыхаць, і кожнае дыханне прыносіць яму сур’ёзны дыскамфорт. У гэтых сітуацыях дапамагае мёд (ёсць навуковыя даследванні, якія гэта пацьвярджаюць). Але мёд нельга даваць дзіцям да года, і не столькі таму, што гэта патэнцыйны алерген, колькі таму, што ў мёдзе могуць знаходзіцца споры батулізма. Разводзіць з вадой і даваць піць 3-4 разы на дзень. Таксама падыходзяць разнастайныя “смактулькі” – неабавязкова набываць менавіта апэчныя. Падыходзяць і звычайныя лядзяшыкі, цукеркі з крамы – эфект прыблізна такі ж самы, нягледзячы на тое, што ў аптэчных могуць утрымлівацца антысептыкі, эўкаліпт і г.д.
Мукалітыкі бессэнсоўныя, яны не даюць эфекту, асабліва ў дзяцей да 6-ці год і патэнцыйна маюць пабочныя эфекты. Мукалітыкі закліканыя павялічыць колькасць макроты ў бронхах. А калі ў чалавека сканчваецца ўсё на ўзроўні верхніх дыхацельных шляхоў, як гэта найчасцей бывае пры вірусных інфекцыях, то калі ён пачынае прымаць мукалітыкі, усё адно павялічваецца колькасць макроты ў бронхах, хаця там няма інфекцыі. І чалавек можа пачаць кашляць яшчэ больш, чым кашляў раней.
Калі кашаль не мяняецца напрацягу 10 дзён, не адбываецца дынамікі – гэта падстава схадзіць да лекара.
Пра інгаляцыі
Інгаляцыі ўпісваюцца панятак “камфортнага асяроддзя з высокім узроўнем вільготнасці”. Бываюць сітуацыі, калі яны сапраўды вельмі патрэбныя – калі ў нас ёсць асіпласць голасу, ларынгіт. Але, акрамя фізраствору, існуе мала прэпаратаў, якія можна заліваць у інгалятар. Напрыклад, ёсць прэпарат “Бердуал”, які выкарыстоўваецца ў сітуацыях абструкцыйнага бранхіта. Некаторыя вірусы пачынаюць памнажацца ў бронхах, бронхі пачынаюць звужацца, адбываецца спазм бранхіяльнай мускулатуры – на выдаху чалавек пачынае “свісцець”. Прэпарат “Бердуал” выклікае расслабленне бранхіяльнай мускулатуры, і чалавеку становіцца лягчэй дыхаць. Для лячэнне ацёка галасавых звязак, ларынгіта выкарыстоўваецца іншы прэпарат – “Пульмікорт”. Гэта гармон, закліканы зніжаць ацёк галасавых звязак. Гэтыя прэпараты часта выкарыстоўваюцца ў інгаляцыях, але яны рэцэптурныя, і непажадана прызначаць іх самастойна сабе, а трэба спытацца доктара.
Калі вы будзеце заліваць у інгалятар мінералку, асабліва з моцным утрыманнем солі – калі яна будзе выпарацца, будзе раздражняць скуру. Моцнасалёныя мінералкі наогул непрыемныя ў працэсе інгаляцыі, дзеці скардзяцца. Мінералка ціпа “баржомі” раней ужывалася для аблягчэння вывядзення макроты з бронхаў, але, як правіла, пры вірусах у бронхах нічога няма. Калі нешта ёсць – гэта частка віруснай інфекцыі і сыходзіць само.
Пра боль у горле
Каб супакоіць хворае горла, можна прапанаваць дзіцяці халодныя дэсерты – напрыклад, замарожаную вішню, марозіва, кавалачкі лёда для расмоктвання і тыя самыя смактулькі. Таксама можа ўжывацца паласканне горла – але, як правіла, яно працуе ў дзяцей пасля 6 год, меншых дзяцей цяжка навучыць тэхнічна. Паласкаць можна содай, соллю – не так істотна.
У немаўлят боль у горле можна распазнаць па ўскосных прыкметах – адсутнасць апетыту, павышанае слюнавыдзяленне (цяжка зглытваць яе), залішняя раздражняльнасць. Камбінацыя “высокая тэмпература і павышанае слюнавыдзяленне” можа быць прычынай бактэрыйнай ангіны.
Пра атыты і прамыванне носа
Поласць сярэдняга вуха звязана з поласцю носа шляхам спецыяльнай трубы, якая патрэбная, каб не закладвала вушы ў экстрэмальных сітуацыях (напрыклад, пры ўзлётах). Калі ацякла слізістая носа, гэтая труба можа закрывацца. Атрымліваецца сітуацыя, што слізь з носа трапляе ў вуха, пасля труба закрываецца і слізь там застаецца, у ёй пачынаюць множыцца мікробы – і гэта з’яўляецца прычынай развіцця атыту, вушы пачынаюць балець. Атыт сустракаецца максімум у 35% эпізодах вірусных інфекцый (найчасцей, пры грыпе). Калі слізь засталася ў вуху, гэта не значыць, што ў вас абавязкова будзе бактэрыйнае запаленне вуха – часта чалавек пахадзіў, высмаркаўся, прасвет трубы вярнуўся назад і слізь вярнулася ў поласць носа, вуха перастае балець.
Не кожны боль у вушах – гэта атыт! І не кожны атыт – нагода для антыбіётыкаў.
Калі прамываць нос акуратна – як правіла, наступстваў няма. Але калі ўжываць сродкі для прамывання носа не па ўзросце (з вялікім ціскам) – слізь можа быць загнаная ў вуха.
Пра пнеўманію
Пнеўманія – ускладненне віруснай інфецыі. Здаецца, сітуацыя пачала наладжвацца, дзіця здаецца менш хворым, здаравее, а пасля развіваецца наступная хваля павышэння тэмпературы, з’яўляецца кашаль, дзіця становіцца кволае, невясёлае – гэта падстава западозрыць пнеўманію.
У дзяцей часта ставіцца пнеўманія на аснове простага праслухоўвання эндаскопам.
Пра вітаміны
Адзіны вітамін, сэнс якога даказаны – гэта вітамін Д (ад нараджэння да года – абавязкова, ад года да школы – пажадана).
Што не мае сэнсу пра лячэнні врві
Калі дзяцей можна весці ў садок пасля віруса
Пік выдзяленне віруса прыходзіцца прыблізна на 3 суткі хваробы, пасля паступова зніжаецца. Цалкам сканчваецца на 10-12 суткі, але выдзяленне лічыцца не вельмі значным. Таму на 5-6 дзень можна весці ў дзіцячы калектыў, пры гэтым можа быць рэшткавы кашаль і насмарк.
Нельга весці ў садок, калі дзіцю нешта баліць альбо ў яго высокая тэмпература, альбо тэмпература ў спалучэнні з высыпаннямі ці вадкім стулам.
Калі захварэў адзін з дзяцей, іншых лепш весці ў садок (школу), а не пакідаць у ачагу інфекцыі. Ізаляваць хворае дзіця ў аобным пакоі сэнсу няма.
Не хварэйце!
Падрыхтавала Таццяна Шапуцька
Фоты Юрый Сідун
Усе здымкі з сустрэчы можна паглядзець тут