25 лістапада ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры ўпершыню ў Беларусі адбылася хрысціянская IT-канферэнцыя. Сустрэча была скіравана на стварэнне хрысціянскай IT-супольнасці для новых праектаў для Касцёла і евангелізацыі. Праграма канферэнцыі пачалася са святой Імшы. Падчас набажэнства гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
ІНТЭРНЭТ-ТЭХНАЛОГІІ: БЛАГАСЛАЎЛЕННЕ ЦІ ПРАКЛЁН?
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
Калі прачытаў на партале catholic.by паведамленне аб правядзенні адмысловай, прысвечанай Інтэрнэт-тэхналогіям, канферэцыі то з вялікім задавальненнем усклікнуў “Слава Богу!”
Падчас вучобы ў Ленінградскім палітэхнічным інстытуце ў 1964–70 гг. сенсацыяй была ўстаноўка велізарнага камп’ютара – электроннай вылічальнай машыны. Камп’ютар быў лампавы і працаваў па прынцыпе: лямпа адкрыта–закрыта. Таму ў яго працы выкарыстоўвалася не дзесяцярычная сістэма, але дваічная, у якой існуюць толькі дзве лічбы: “0 і 1” у залежнасці ад таго, лямпа адкрыта ці закрыта.
Лічбавыя тэхналогіі ў той час былі навінкай, і ўсе імі цікавіліся. Магічнае слова кібернетыка ўсё часцей было на вуснах студэнтаў, і мы задавалі розныя пытанні прафесарам. Аднойчы прафесарша вышэйшай матэматыкі распавяла, як пасля Другой сусветнай вайны, калі яна вычылася ў Ленінградскім універсітэце, размовы на тэму кібернэтыкі афіцыйна былі забароненыя. Аднак студэнты таемна стараліся пазнаць яе прынцыпы. А савецкі філасофскі слоўнік таго часу кібернэтыку называў ілжэнавукай або псеўданавукай.
Слова кібернетыка паходзіць ад грэцкага слова кібернетэс, што азначае мастацтва кіравання. І сапраўды, сучасны свет не можа абыйсціся без кібернэтыкі, з развіццём якой настала эра лічбавізацыі, якая відавочна ва ўсіх сферах грамадскага, палітычнага, эканамічнага, фінансавага, культурнага, навуковага жыцця. Так псеўданавука стала драйверам прагрэсу чалавецтва.
2. Ці можа кібернетыка, Інтэрнэт-тэхналогіі і асабліва штучная інтэлігенцыя ўвайсці ў рэлігійнае жыццё? Ці можа весці да Хрыста? Ці можа спрыяць пастырскай дзейнасці? Што супольнага мае рэлігійнае і духоўнае жыццё з тэхналагічным прагрэсам? Ці ёсць сэнс гаварыць аб гэтым, бо, на першы позірк, якая сувязь паміж Інтэрнэт-тэхналогіямі, Касцёлам і евангелізацыяй?
Такія і падобныя пытанні ўзнікаюць усё часцей і патрабуюць адказу.
Каб лепей зразумець сэнс кібернетызацыі жыцця, неабходна звярнуцца да Святога Пісання.
Бог стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве і даручыў яму заданне ўдасканальваць створаны ім свет і ім валодаць (пар. Быц 1, 26-28). А для гэтага патрэбныя адмысловыя інструменты і тэхналогіі, у тым ліку і камп’ютарныя.
Хрысціянства заўсёды выкарыстоўвала самыя новыя дасягненні навукі і тэхналогіі з мэтай больш эффектыўнага абвяшчэння Евангелля. У часы Хрыста існаваў так званы Pax Romana – “Рымскі мір”, калі цэнтралізаваная адміністрацыя і рымскае права суцішылі рэгіёны, у якіх раней адбываліся збройныя канфлікты. Pax Romana таксама адыграў вялікую роль у хрысціянізацыі язычнікаў. Новыя тэхналогіі стваралі добрыя дарогі, а моцная армія была гарантам мірных часоў. Гэта, разам са стабільнасцю законаў, агульнай мовай і культурай, спрыяла таму, што нявялікая група хрысціян ператварылася ў значную колькасць паслядоўнікаў Хрыста.
У 1420 г. Гутэнберг заснаваў друкарню і выдаў першую надрукаваную кнігу, якой стала Біблія. Друкарскі станок, які стаў першым друкаваным сродкам масавай камунікацыі, дазволіў новым ідэям хутка дасягаць вялікай аўдыторыі, у тым ліку і ў Беларусі. Усім вядома так званая Біблія Скарыны ў беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы, як першая друкаваная ўсходнеславянская кніга, выдадзеная нашым славутым земляком Франціскам Скарынам у 1517–1519 гг. у Празе.
Шматлікія вялікія вучоныя, як напр. Блаз Паскаль, Ісаак Ньютан і Самуэль Морзэ і іншыя былі веруючымі хрысціянамі і гэтым самым спрыялі евангелізацыі.
Вынаходца тэлеграфа Самуэль Морзэ ў першым тэлеграфным пасланні з Вашынгтона ў Балтымор 24 мая 1844 г. напісаў: “Вось што зрабіў Бог!”. Гэтым самым ён прызнаў, што тэлеграф, як рэвалюцыйны крок у сусветных камунікацыях таго часу, быў справай Бога.
З часам прыйшлі новыя тэхналогіі, з якіх асаблівай увагі заслугоўвае радыё і тэлебачанне, і, нарэшце, Інтэрнэт-тэхналогіі.
Да выкарыстання сучасных тэхналогій у справе евангелізацыі нас вядзе сам Створца, які адарыў чалавецтва талентамі і крэатыўнасцю, каб рабіць свет лепшым. Таму маем поўнае права казаць, што выкарыстанне новых тэхналогій, асабліва Інтэрнэту, у Касцёле выплывае з Божага плану дасканалення створанага ім свету. Дзякуючы гэтаму, Касцёл атрымаў вусны, які прамаўляюць па-за сценамі касцёльных будынкаў і да непараўнальна большай аўдыторыі, чым гэта было раней.
Не выпадкова Другі Ватыканскі Сабор 60 гадоў таму у прынятым 4 снежня 1963 г. Дэкрэце пра сродкі масавай камунікацыі Inter mirifica падкрэсліў, што сярод незвычайных тэхнічных вынаходстваў самымі выдатнымі з’яўялюцца сродкі масавай камунікацыі, якія здольныя дасягнуць і ўзрушыць не толькі адзінкі, але цэлыя супольнасці і ўсё чалавецтва (пар. IM 1). Дэкрэт стаў рэвалюцыйным у касцёльных медыях і даў новы імпульс для іх развіцця.
3. Інтэрнэт-тэхналогіі ўжо паспяхова выкарыстоўваюцца ў касцёльнай і рэлігійнай практыцы ў Беларусі. Пра гэта сведчаць партал Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі catholic.by, а таксама дыяцэзіяльныя, законныя, парафіяльныя, Imsha.by, Радыё Марыя, Выдавецтва “Про Хрысто”, Дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску і іншыя сайты. У наш час большасць інфа-кантэнту праходзіць праз сацыяльныя сеткі і месанджары. Таксама існуе шмат розных парафіяльных суполак, больш хуткіх і эфектыўных у распаўсюджванні інфармацыі для інтэграцыі вернікаў.
Інтрэнэт стаў новай прыладай у жыцці і дзейнасці Касцёла. Мы выкарыстоўваем яго для малітвы, трансляцыі набажэнстваў, рэлігійнай адукацыі, евангелізацыі, катэхізацыі і т.п.
Вялікім штуршком для выкарыстання Інтэрнэт тэхналогій у Касцёле стала пандэмія каронавірусу. Як кожная крызісная сітуацыя, яна змусіла нас шукаць новых спосабаў пастырства ў гэтай складанай сітуацыі. Менавіта тады беларускі Касцёл пачаў масава іх выкарыстоўваць для online трансляцый св. Імшы, катэхізацыі і анлайн-навучання.
4. У той жа час, нягледзячы на пазітыўныя элементы выкарыстання Інтэрнэт-тэхналогій, іх ужыванне, асабліва штучнага інтэлекту, выклікае занепакоенасць у сувязі з маральнымі наступствамі, якія яны нясуць.
Тэхналогіі ніколі не павінны замяняць Бога як аб’ект нашага даверу. Вельмі добра аб гэтым вучыць псальміст: “Адны спадзяюцца на калясніцы, а другія – на каней, а мы будзем памятаць імя Пана Бога нашага” (Пс 20, 7).
У старжытнасці калясніцы былі адным з найбольшых дасягненняў тэхнікі і выкарыстоўваліся як у транспарце, так і ў ваенных мэтах. Калясніца была самай грознай і эфектыўнай зброяй. Аднак Біблія паказвае, што ў пэўных выпадках калясніцы былі бескарыснымі. Так, егіпцяне з шасцістамі калясніцамі пацярпелі паразу ў водах Чырвонага мора (пар. Зых 14, 23-25). Давер Ізраіля да Бога аказаўся крыніцай яго перамогі над высокатэхналагічна ўзброенымі егіпцянамі.
5. На жаль, сучасны чалавек памылкова думае, што Бог яму больш не патрэбны, таму што дзякуючы тэхналогіям ён дасягнуў высокай ступені развіцця і бяспекі ў жыцці. Але гэта не так. Нават найлепшыя тэхналогіі не з’яўляюцца абсалютна дасканалымі, бо недасканалы чалавек, які іх стварыў. Толькі Бог дасканалы і толькі ён мае неабмежаваную ўладу!
Такім чынам, калі мы сутыкаемся з якой-небудзь жыццёвай праблемай, то вельмі важна найперш шукаць дапамогі ў Бога, а не абсалютна спадзявацца на тэхналагічныя рашэнні. Гэта праўда, што Бог дазваляе нам выкарыстоўваць тэхналогіі, каб дапамагчы, гэтак жа як Ён выкарыстаў каўчэг, каб выратаваць Ноя (пар. Быц 6, 9 – 8, 19), але без Бога тэхналогіі самі па сабе нас не выратуюць і не вырашаць выклікаў часу.
Таму неабходна быць асцярожнымі ў выкарыстанні тэхналогій, каб не стаць залежнымі ад іх, напаўняючы нашае жыццё новымі гаджэтамі і прыладамі, якія адкрываюць для нас новыя ўражанні і магчымасці.
Інтэрнет, смартфон і сацыяльныя сеткі – гэта новая культурна-тэхналагічная рэвалюцыя. Для сучасных людзей яны ўяўляюць сабой асноўны метад узаемадзеяння са светам.
У мінулым чалавек мадэляваў свае паводзіны па людзях, з якімі жыў і спатыкаўся. Сёння ён гэта чыніць праз Інтэрнэт, дзякуючы якому ўвесь свет у яго пад рукой. Інтэрнэт і іншыя сродкі масавай камунікацыі даюць магчымасць узаемадзейнічаць са светам без сутыкнення з ім твар у твар.
У выніку гэтага чалавек распачынае жыць не ў рэальным, а ў віртуальным свеце, становіцца рабом Інтэрнэт-тэхналогій і апынаецца ў пастцы зоны таксічнага інтэрнэтавага ап’янення.
Мы працуем, вучымся, слухаем, абмяркоўваем і нават молімся праз Інтэрнэт. У той сам час Інтэрнэт-тэхналогіі ў нашу традыцыйную культуру ўводзяць штучныя і чужыя ёй элементы, якім людзі пакланяюцца як новаму богу. У некаторых пратэстанцкіх супольнасцях у Германіі ўжо былі пратэставаны робаты, якія выконвалі функцыі пастара і праводзілі малітоўныя набажэнствы, што, з маральнага пункту гледжання, з’яўляецца новай пагрозай з боку Інтэрнэт-тэхналогій.
6. Што рабіць?
Як бачна з вышэй сказанага, Інтэрнэт-тэхналогіі з’яўляюцца добрай прыладай, якая, аднак, можа аказаць, мягка кажучы, мядзведжую паслугу. Таму ў першую чаргу мы павінны іх выкарыстоўваць як інструмент для Божай хвалы і евангелізацыі, і не дазваляць, каб яны адцягвалі нас ад Бога. Св. апостал Павел кажа: “Калі вы ўваскрослі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога. Любіце тое, што ўгары, а не тое, што на зямлі” (Кал 3, 1-2).
Таму ў канчатковым выніку праблема выкарыстання Інтэрнэт-тэхналогій, асабліва штучнай інтэлігенцыі, павінна быць заснавана на этычных каштоўнасцях.
7. Хаця штучны інтэлект можа моцна дапамагаць у евангелізацыі і рэлігійным жыцці, аднак ён не можа замяніць Божага духа. Хочам мы гэтага ці не, але трэба прызнаць, што калі чалавек у Святым Пісанні, сакрамэнтах і іншай касцёльнай дзейнасці асабіста спатыкаецца з Хрыстом, то для Інтэрнэт-тэхналогій такое спатканне немагчыма, бо камп’ютар, смартфон і т.п. – гэта машына. У гэтым крыецца духоўная перавага чалавечага інтэлекту над штучным.
Штучны інтэлект не можа дасягнуць вобразу чалавека, які мы бачым у Бібліі і Езусе. Ставіцца да штучнага інтэлекту як да чалавека, азначае разбураць паняцце чалавека як Божага стварэння. Намаганні стварыць штучны эквівалент чалавека раўназначна спробе зраўнаць сябе з Богам, што немагчыма.
Інтэрнэт-тэхналогіі могуць выконваць шмат функцый, але яны ніколі не змогуць быць людзьмі. Адна бабулька заўсёды аплочвала камунальныя паслугі непасрэдна ў банку. Калі менеджэр банка спытаў, чаму яна не плоціць праз Інтэрнэт, бо не трэба хадзіць, што старому чалавеку нялёгка, то яна адказала: «Інтэрнэт не спытаецца мяне пра маё здароў’е і артрыт кален, а банкаўскі працаўнік, які мяне добра ведае, пацікавіцца». Смешна, але гэта праўда. Чалавек – сацяльны Божы твор, і яму патрэбыя асабістыя зносіны з іншымі людзьмі, а Інтэрнэт гэтага не дасць.
8. Як бачна, Інтэрэт-тэхналогіі могуць палепшыць нашае жыццё і свет, але пры неэтычным іх выкарыстанні становяцца вельмі небяспечнымі. Гэтак жа, як цесляр павінен бяспечна і правільна карыстацца сякерай, таксама і мы павінны выкарыстоўваць штучны інтэлект так, каб рабіць тое, што хоча Бог, а не раніць сябе і іншага. Нездарма Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што сродкі масавай камунікацыі пры адпаведным іх выкарыстанні спрыяюць духоўнаму ўзбагачэнню чалавецтва, але ў той сам час яны могуць несці крыўду па прычыне злоўжывання імі (пар. IM 2). Для іх належнага выкарыстання неабходна ведаць прынцыпы маральнага парадку і дзейнічаць згодна з імі (пар. IM 3).
Інтэрнэт-тэхналогіі, і асабліва штучная інтэлігенцыя, не могуць замяняць чалавека ў яго адносінах з Богам. Гэта чалавекам створаныя машыны, якія не маюць душы, і ім не хапае духоўнага разумення. Таму Біблію трэба чытаць і інтэрпрэтаваць пад кіраўніцтвам Святога Духа, а не Інтэрнэту.
9. Этычная праблема выкарыстання Інтэрнэт-тэналогій становіцца ўсё больш актуальнай, і Касцёл не замінае своечасова адказваць на яе. Аб гэтым сведчаць шматлікія канферэнцыі і выказванні Папаў на гэтую тэму. Добрым прыкладам таксама з’яўляецца тэма наступнага Сусветнага дня малітвы ў інтэнцыі міру 1 снежня 2024 г. – “Штучны інтэлект і мір”.
У заяве Дыкастэрыі па справах інтэгральнага развіцця чалавека падкрэсліваецца, што надзённая неабходнасць адказнага арыентавання канцэпцыі і выкарыстання штучнага інтэлекту, каб ён мог служыць чалавецтву, патрабуе, каб этычныя нормы распаўсюджваліся на сферу адукацыі і законадаўства.
10. У сувязі з вышэй сказаным, узнікае лагічнае пытанне: “Інтэрнэт-тэхналогіі – гэта благаслаўленне ці праклён? Вядуць да Бога ці злога духа? Прымальныя ў Касцёле або не?”.
Відавочна, што па сваёй сутнасці добрыя Інтэрнэт-тэхналогіі ў той жа час нясуць у сабе непрадбачныя наступствы. Яны нібы двухбаковы меч. Таму мы павінны глядзець на іх з маральнай перспектывы і выкарыстоўваць згодна з этычнымі нормамі. Пры гэтым асноўным крытэрыем павінна быць годнасць чалавечай асобы, а не яе дэградацыя. Інтэрнэт не запоўніць духоўную пустэчу. Ён павінен стаць прыладай у Божых руках, а не грахоўнай пасткай.
Вядомы вынаходца ў галіне кібернэтыкі Стывен Джобс заснаваў кампанію Apple Computer. Ён запрасіў прэзідэнта карпарацыі Pepsico дапамагчы яму пабудаваць такую камп’ютэрную кампанію, якая зробіць камп’ютары даступнымі для кожнага чалавека ў свеце. Але той, як чалавек, які меў усё, не хацеў слухаць. Тады Стывен Джобс задаў яму вельмі вострае пытанне: “Ты хочаш правесці астатак жыцця, прадаючы ваду з цукрам, ці хочаш мець шанец змяніць свет?”. Гэтае пытанне глыбока пранікла ў яго сэрца і розум, і змяніла яго жыццё. Ён перайшоў у кампанію Apple Computer і дапамог ёй ператварыцца ў адну з самых паспяховых карпарацый у свеце.
Інтэрнэт-тэхналогіі чыняць тэхнічную рэвалюцыю, якая зменяе свет. Прыйшоў час больш смела іх выкарыстоўваць у касцёльнай практыцы, але толькі згодна з этычнымі прынцыпамі, бо інакш, рэвалюцыя, якую яны нясуць, будзе служыць не духоўнаму дасканаленню, але яго заняпаду.
11. Адной з умоў этычнага выкарыстання Інтэрнэту з’яўлецца ўфармаванне хрысціянскага светапогляду яго карыстальнікаў, каб яны маглі самастойна выбіраць маральна дапушчальныя матэрыялы і адрынаць непрымальныя, каб у пэўным сэнсе былі фаерволамі і антывірусамі перад небяспечным уплывам сучасных Інтэрнэт-тэхналогій.
Прыкладам можа служыць нябесны апекун Інтэрнэту благаслаўлёны 15-гадовы падлетак Карло Акуціс. Прыняўшы ў сямігадовым узросце Першую святую Камунію, хлопчык моцна палюбіў Эўхарыстыю, якую называў “аўтастрадаю ў неба”. З 12-гадовага ўзросту ён штодзённа прымаў удзел у Эўхарыстыі і кожны тыдзень спавядаўся. Выключна адораны ў сферы інфарматыкі і інтэрнэт-тэхналогій, ужо ў 11-гадовым узросце Карло распачаў стварэнне сайту, прысвечанага Эўхарыстычным цудам, якія адбываліся ў розных мясцінах свету. Мотам яго жыцця былі словы: “Усе нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як фотакопіі”. Ён не паддаўся негатыўнаму ўплыву Інтэрнэту, а, наадварот, карыстаючыся ім, заслужыў на славу неба. Ён з’яўляецца прыкладам таго, як можна выкарыстоўваць Інтэрнэт-тэхналогіі, каб распаўсюджваць Евангелле.
Бог стварыў нас па сваім вобразе і падабенстве (пар. Быц 1, 27), і такімі мы павінны заставацца. Нам, хрысціянам, нельга дапусціць, каб негатыўны ўплыў Інтэрнэту здэфармаваў гэты вобраз. Мы павінны заставацца Богам створанымі арыгіналамі, а не копіямі.
Благаслаўлёны Карло Акуціс, выпрасі ў Бога ласку, каб, выкарыстаныя згодна з маральнымі нормамі, Інтэрнэт-тэхналогіі служылі развіццю душпастырства, сталі благаслаўленнем беларускаму Касцёлу і грамадству, вялі людзей да спаткання з Хрыстом – адзіным Збаўцам свету ўчора, сёння і на ўсе часы (пар. Гбр 13, 8). Амэн.