Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў свой дзень нараджэння

Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў свой дзень нараджэння

Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў свой дзень нараджэння

3 студзеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў свой дзень нараджэння ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры.

У гаміліі ён прыгадаў евангелізацыйную гісторыю св. Францішка Асізскага, які аднойчы запрасіў маладога манаха далучыцца да яго ў пілігрымцы ў горад з мэтай прапаведаваць Евангелле. Увесь дзень яны хадзілі па вуліцах, дарогах, завулках і нават прыгарадах. Спаткаліся з сотнямі людзей. У канцы дня накіраваліся дадому. Францішак ніводнага разу не звяртаўся да натоўпу і ні з кім не размаўляў пра Евангелле. Яго малады субрат быў вельмі расчараваны і сказаў: “Я думаў, што мы едзем у горад прапаведаваць”. Францішак яму адказаў: “Сын мой, мы прапаведавалі падчас нашага прабывання ў горадзе”. Нас бачылі многія і за нашымі паводзінамі ўважліва сачылі. Гэта была самая магутная пропаведзь”.

Сведчанне Яна Хрысціцеля пра Езуса ў сённяшнім Евангеллі выклікае давер, таму што гэта перадусім жыццёвае сведчанне. Ян не крывадушнік, і людзі гэта ведалі. Яны сцякаліся да яго з-за сапраўднасці яго жыцця. Нават фарысеі прыходзілі прыняць яго хрост. Яго словы былі моцнымі і пераканаўчымі, і да іх прыслухоўваліся, таму што ён жыў тым, што прапаведаваў.

Таксама і нашае хрысціянскае жыццё павінна быць сапраўдным. Мы павінны жыць тым, што прапаведуем. Асноўная крытыка хрысціянства сёння заключаецца ў тым, што хрысціяне жывуць не тым, у што вераць. Змагар за незалежнасць Індыі Магатма Гандзі казаў, што стаў бы хрысціянінам, калі б хрысціяне жылі згодна са сваімі перакананнямі. На жаль, занадта многія з нас не жывуць у адпаведнасці з вучэннем Ісуса.

Св. Папа Павел VI называе евангелізацыю “асноўнай місіяй Касцёла”. Ён вучыць, што Евангелле перш за ўсё павінна абвяшчацца праз сведчанне, якое выклікае наступныя пытанні ў людзей: чаму яны такія? Чаму яны так жывуць? Што ці хто іх натхняе? Чаму яны сярод нас? Такое сведчанне ўжо з’яўляецца маўклівым абвяшчэннем Добрай Навіны, прычым вельмі моцным і эфектыўным.

Як быць сведкам Евангелля? Мы даем сведчанне, калі молімся і прымаем удзел у св. Імшы; у штодзённым жыцці паводзім сябе згодна з духам Евангелля; дапамагаем слабым і патрабуючым. Сведчанне дазваляе хрысыціяніну свяціць святлом Евангелля.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў браць прыклад са св. Яна Хрысціцеля, іншых святых, каб быць сведкамі Божага слова і гэтым самым распаўсюджваць яго ў сучасным свеце.

Дабрачынная Місія Добрага Самараніна​ шчыра​ віншуе
шаноўнага і дарагога​ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з днём народзінаў!​
Жадаем​ Божага благаслаўлення і патрэбных ласкаў у нялёгкай працы на Божай ніве.
Кожнае Божае слова, прамоўленае Вамі​ падчас святой Імшы, паглыбляе ў нас веру,
асабліва ў дзяцей і моладзі.​ Вы з’яўляецеся сапраўдным​ настаўнікам,
які​ дапамагае шукаць правільную дарогу, і сябрам, які​ заўсёды мае час, каб паразмаўляць і накіраваць.​
Дзякуем за Вашыя малітвы,​ за Вашыя веды,​ цяплыню і дабразычлівасць,​
а галоўнае – за любоў, якой Вы шчыра адорваеце кожнага з нас.