21 лютага з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і Дня святога Валянціна ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылося некалькі сустрэч на тэму “Гісторыі кахання класікаў” для ўдзельнікаў супольнасці “Самаранін” і ўсіх зацікаўленых.
Хрысціянства без любові не мае сэнсу, бо “Бог ёсць Любоў” – так вучыць нас Біблія. Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства, паклікаўшы яго да існавання з любові, у той жа час Ён паклікаў яго да любові. Ствараючы чалавека паводле свайго вобразу і няспынна падтрымліваючы яго пры існаванні, Бог упісвае ў чалавечую сутнасць мужчыны і жанчыны пакліканне, гэта значыць здольнасць і адказнасць за любоў.
Навуковы супрацоўнік Павел Каралёў распавёў пра супольны шлях сем’яў беларускіх літаратараў: Янкі Купалы і Уладзіславы Луцэвіч, Якуба Коласа і Марыі Міцкевіч, Максіма Гарэцкага і Леанілы Чарняўскай, Змітрака Бядулі і Марыі Шыркес, Канстанцыі Буйло і Віталія Калечыца, Уладзіміра Дубоўкі і Марыі Кляўс, Уладзіміра Караткевіча і Валянціны Ватковіч. Удзельнікі вечарыны даведаліся, як сужэнцы пераадольвалі разам выпрабаванні і захавалі вернасць адно адному. Гісторыі кахання беларускіх творцаў не пакінулі нікога абыякавага сярод удзельнікаў вечарыны. Паказаныя памяткі, фотаздымкі, агучаныя вершы далі магчымасць адчуць атмасферу ўзаемнасці дзвюх асобаў, якія прынялі рашэнне аб’яднаць лёсы, абяцалі адно аднаму каханне і вернасць. Падчас лекцыі вядоўца паказаў рарытэты з уласнай калекцыі, у тым ліку кнігі з аўтографамі вядомых беларускіх пісьменнікаў.
Няпростыя лёсы сем’яў беларускіх літаратараў яшчэ раз падкрэслілі, што каханне – гэта не толькі хвіліннае пачуццё, але перадусім асаблівыя міжасобавыя адносіны, якія пастаянна развіваюцца. Няхай жа свята святога Валянціна для кожнага хрысціяніна стане добраю нагодаю, каб адкрыць сапраўдную прыгажосць кахання.
Фотаздымкі з сустрэч глядзіце ў альбоме “Гісторыі кахання класікаў” (21.02.2023).
Для арганізацыі такіх мерапрыемстваў, творчых сустрэч і майстар-класаў мы будзем удзячныя за дабравольныя ахвяраванні, якія можна пералічыць на рахунак:
Банкаўскія рэквізіты:
УНН 102366022, АКПА 380087195000
р/р BY63UNBS30151611900000001933
ЗАТ “БСБ Банк”; БІК UNBSBY2X