Iмша Вячэры Пана

Iмша Вячэры Пана

На іншых мовах: en
Iмша Вячэры Пана

Вялікі чацвер – гэта пачатак Святога пасхальнага трыдыўма, трох святых дзён, якія з’яўляюцца непасрэдным святкаваннем Пасхі. Гэтай вячэрай Езус распачынае свой пераход ад цярпення і смерці да ўваскрасення, і ў гэты пераход запрашае нас.

Вялікі чацвер – гэта ўспамін устанаўлення сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства. У гэты дзень у нас ёсць магчымасць асабліва ўсвядоміць, наколькі мы абавязаны святарам.

У капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра сабралася шмат вернікаў, якія павіншавалі кс. Аляксандра Уласа і кс. Аляксандра Шамрыцкага з Днём святарства. Дзеткі чыталі шчырыя вершы, а дарослыя дзякавалі: “Праслаўляем Госпада за святароў, якія нясуць служэнне ў Касцёле і з’яўляюцца знакам Жывога Бога для ўсяго сусвету.”

Кс. Аляксандр Улас прамовіў:

“Тайная вячэра, эўхарыстыя, святая Імша, меса, міса, святы сакрамэнт, святасць… Кожная з гэтых назваў падкрэслівае асаблівы характар сакрамэнту, які дае жыццё. Але гэты сакрамэнт не існаваў бы без другога сакрамэнту – святарства. Звычайны чалавек робіць незвычайныя рэчы, бо менавіта ён сваімі словамі запрашае самаго Бога ўвайсці ў гэты свет, прыйсці на алтар. І слова зноўку становіцца целам. Звычайны хлеб становіцца целам. Звычайнае віно становіцца кроўю. Звычайны чалавек мае незвычайную моц, бо запрошаны Богам. Ён выбраны з людзей і прызначаны для людзей. Сёння асаблівым чынам патрэбны святары, бо свет перастае крочыць шляхам збаўлення. Павінны быць людзі, якія нагадаюць, што галоўная мэта – гэта не багацце і ўлада, а перш за ўсё – жыццё з Богам. Вельмі часта святара называюць “Божым чалавекам”, бо ён прыходзіць у свет, каб абвяшчаць Бога”.

Кс. Аляксандр Шамрыцкі падкрэсліў, што кожны ахрышчаны чалавек у пэўным сэнсе з’яўляецца святаром. У Вялікі чацвер было ўстаноўлена служэнне, якое датычыць кожнага з нас. Служэнне, калі Пан Езус кленчыць перад чалавекам і служыць яму з вялікай любоўю.

Вялікі чацвер – гэта свята ўзаемнай любові. На прыканцы гаміліі пробашч звярнуўся да вернікаў з пажаданнямі, каб кожны намагаўся ўзбудзіць у сабе запал і прагненне да Эўхарыстыі, якія мелі першыя хрысціяне, перажываючы кожную літургію, як апошнюю. Каб кожны, беручы прыклад з Хрыста і прымаючы яго любоў, быў здольным служыць іншым.

Літургію Вялікага чацвярга завяршыў абрад перанясення Найсвяцейшага Сакрамэнта ў падрыхтаванае месца, якое сімвалізуе вязніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту.​ Гэты абрад накіроўвае нас на перажыванне таямніцы еднасці з мукамі Хрыста. Табэрнакулюм застаецца пустым. Святар ідзе ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам да месца, якое сімвалізуе Аліўны сад, дзе Езус у агоніі чакаў арышту. Ён прасіў апосталаў чуваць і маліцца разам з Ім. У капліцы зроблена лодка, якая з’яўляецца сімвалам святароў.

У канцы святой Імшы, калі святары пайшлі ў сакрыстыю, усё, што знаходзілася на алтары, было прыбрана. Застаўся толькі пусты, “голы” алтар, не прыкрыты нічым. Гэта важны сімвал, як быццам узялі чалавека і здзерлі з яго шаты. Што насамрэч і адбываецца, бо Хрыстус менавіта пасля гэтай літургіі ў Вялікі чацвер уваходзіць у стан поўнага прыніжэння. Хрыстовае святарства заключаецца ў тым, што Езус дазваляе цалкам аддаць сябе людзям.

Фота глядзіце ў альбоме “Вялікі Чацвер”.