Хрысціянская культура, літаратура і мастацтва аб’ядналіся ў Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры для вывучэння творчасці мастака Марка Шагала. Аб’яднанне некалькіх дысцыплін для вывучэння адной тэмы носіць інтэграваны характар, калі дзеткі спазнаюць свет у разнастайнасці і адзінстве. Такія заняткі развіваюць у дзяцей уменне параўноўваць, абагульняць, выяўляць міжпрадметныя сувязі і рабіць высновы. Форма правядзення інтэграваных заняткаў нестандартная і займальная, прадугледжвае абавязковае развіццё творчай актыўнасці дзяцей.
На занятках у бібліятэцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра (у межах гуртка “Кніжныя пасядзелкі”) дзеткі чыталі пра жыццё і дзейнасць Марка Шагала, вывучалі творчасць па альбомах і рэпрадукцыях, малявалі. Затым юныя даследчыкі наведалі выставу да 135-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала ў Нацыянальным мастацкім музеі. Экспазіцыя ілюструе асноўныя класічныя матывы і тэмы паэтыкі Шагала – “Біблія”, “Закаханыя”, “Гадзіннікі”, “Віцебск”, “Парыж”. У музеі дзеткі паглядзелі арыгінальныя творы мастака, а таксама анімацыйны фільм “Марк Шагал. Пачатак” (рэж. Алена Пяткевіч, 2016), які прадстаўляе своеасаблівае экраннае прачытанне біяграфічных сюжэтаў жыцця мастака. На завяршэнне ўдзельнікі выканалі тэст па музейнай экспазіцыі.
Дзеткі шмат даведаліся пра Марка Шагала. Цікава, што ў 1931 годзе, знаходзячыся ў пошуках рэлігійных матываў для творчасці, мастак адправіўся ў Святую Зямлю. Там ён атрымаў жыццёвы досвед, як духоўны, гэтак і творчы. А натхненне да стварэння серыі “Біблейскіх сюжэтаў” Марк Шагал пачарпнуў не толькі на Святой Зямлі. Вялікі ўплыў на яго зрабіла ўласнае жыццё: “Яшчэ ў дзяцінстве я быў захоплены Бібліяй, – пісаў Марк Шагал. – Мне заўсёды здавалася, дый цяпер здаецца, што гэта найвялікшая крыніца паэзіі на ўсе часы”.
Марк Шагал стаў адным з сімвалаў дваццатага стагоддзя, сімвалам прагі да гармоніі, кахання і надзеі. Неўміручасць яго мастацтва – ва ўменні перадаць прысутнасць Боскага духу ў кожным прадмеце навакольнага свету.
Фота з заняткаў глядзіце ў альбоме.