2 верасня ў катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адзначылі 225-годдзе з часу заснавання гістарычнай Мінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. Падчас святкавання адбыліся гістарычны сімпозіум, прэзентацыя герба Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сайта архідыяцэзіі і юбілейнай паштовай маркі, а таксама цырымонія ўзнагароджвання.
Першым ганаровай граматай быў узнагароджаны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Акрамя заслужанага іерарха, граматы ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага атрымалі прадстаўнікі каталіцкіх СМІ, супрацоўнікі дабрачынных арганізацый, удзельнікі малітоўных рухаў і евангелізацыйных супольнасцяў, навукоўцы і даследчыкі, стваральнікі музеяў і актыўныя парафіяне, якія рознымі дарамі служаць Касцёлу.
Ганаровай граматай адзначаны калектыў Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай за вялікі ўклад у станаўленне і развіццё Рыма-каталіцкага Касцёла ў Мінска-Магілёўскай мітраполіі.