17 лютага, у Тлусты чацвер, дзеткі, бацькі, супрацоўнікі Місіі і ўдзельнікі супольнасці “Самаранін” арганізавалі карнавал, каб павесяліцца перад саракадзённым перыядам Вялікага посту. З Тлустага чацвярга распачынаюцца Запусты, або карнавальны тыдзень, якія традыцыйна былі самым вясёлым і сытым тыднем у годзе. У Місіі добрага Самараніна шануюцца традыцыі і лічыцца важным перажыць гэты час з духоўнай радасцю і ўсмешкай.
Старадаўняя прыказка сцвярджала: “На Запусты не хоча паньства капусты”. Адна са страваў, якая непарыўна звязана з традыцыяй Тлустага чацвярга – гэта пончыкі або “пампухі”. У гэтыя днi людзі наядаліся празапас, “запускаліся”. У Місіі карнавал завершыўся частаваннем пончыкамі. Было весела, прыгожа і смачна! Спадзяемся, што гэтае мерапрыемства пакінула пасля сябе радасныя ўспаміны і паспрыяла аднаўленню духоўных сіл выхаванцаў, каб свядома ўвайсці ў выключна важны час перамены жыцця. Усе гучныя святы павінны скончыцца ў Папяльцовую сераду, ці Папялец. З гэтага часу ўжо нельга праводзіць забавы і вяселлі, бо паводле вучэння Каталіцкага Касцёла гэта час пакаяння і навяртання.
Дзелімся з вамі нашай радасцю і фотаздымкамі, якія можна паглядзець у фотаальбоме “Тлусты чацвер-2023”.