Ліст дзецям на пачатак Адвэнту ад арцыбіскупа Станеўскага

Ліст дзецям на пачатак Адвэнту ад арцыбіскупа Станеўскага

Ліст дзецям на пачатак Адвэнту ад арцыбіскупа Станеўскага

На пачатак Адвэнту, які сёлета распачынаецца 27 лістапада, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе адмысловы ліст да дзяцей, у якім тлумачыць маленькім вернікам сэнс падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, паведамляе партал Catholic.by.

Дарагія дзеці,
наймілейшыя і наймалодшыя вернікі нашай архідыяцэзіі!

Пішу да вас свой першы ліст у той дзень, калі ў Касцёле распачынаецца новы літургічны перыяд — Адвэнт.

Усе вы ведаеце, што гэта час радаснай чатырохтыднёвай падрыхтоўкі да самага важнага дня нараджэння ў свеце — да святкавання народзінаў Пана Езуса — Божага Нараджэння.

Дарагія дзеці, кожны з вас ведае дату свайго дня нараджэння і, несумненна, прыгожа адзначае гэты дзень разам з самымі блізкімі людзьмі. Да вас прыходзяць госці: хросныя бацькі, дзядуля з бабуляй, сябры, аднакласнікі, і вы атрымліваеце падарункі, пра якія марылі.

Пан Езус таксама прагне гэтага ў Дзень свайго нараджэння. Ён чакае вас, мілыя дзеці, як сваіх найлепшых сяброў, і хацеў бы таксама атрымаць падарунак. Таму, дарагія мае, я заклікаю вас да сумеснага перажывання Адвэнту і святаў Божага Нараджэння, а таксама да падрыхтоўкі падарунка для Пана Езуса.

Падумаем, што найбольш узрадавала б Пана Езуса? Які падарунак Ён чакае ад нас? Ён прагне, каб мы падрыхтавалі Яму месца ў нашых сэрцах.

Як вядома, Езус нарадзіўся ў Бэтлееме. Стаў святлом, якое раз’ясняе цемру граху і зла. У Адвэнце кожны з вас можа стаць такім «бэтлеемскім агеньчыкам», які ўсім дорыць святло, цеплыню, спакой, добразычлівасць, радасць і любоў.

Як гэта ўчыніць? Заахвочваю вас, дарагія дзеці, каб вы зрабілі для сябе пастановы рабіць добрыя ўчынкі, якія, нібы маленькія агеньчыкі, асветляць нашую штодзённасць. Няхай кожны з вас выбера адну няпростую для сябе справу, якую будзе выконваць штодня, стараючыся не забываць пра яе. Напрыклад, няхай гэта будзе дапамога бацькам, добрыя адносіны да аднакласнікаў, стараннасць у вучобе, добрыя адзнакі, штодзённая малітва, або размова з Богам.

Дарагія! Вельмі заахвочваю вас наведваць касцёл, прыходзіць на нядзельную Эўхарыстыю і на Рараты — святыя Імшы на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з з радасцю і любоўю чакала нараджэння свайго Сына Езуса Хрыста.

Для таго, каб вам было прасцей выконваць зробленую пастанову, заахвочваю вас весці «Адвэнтавы каляндар добрых учынкаў», адзначаючы ў ім чырвоным фламастарам або алоўкам — нібы маленькім агеньчыкам — свой унёсак у тое, каб зрабіць нашае атачэнне лепшым.

Няхай кожны з вас, дарагія дзеці, стане «адвэнтавым агеньчыкам», і дзякуючы вам свет будзе лепшым і прыгажэйшы, а Дзіцятка Езус у Дзень свайго нараджэння, несумненна, узрадуецца такому падарунку.

На ўсе вашыя адвэнтавыя пастановы і старанні ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца i Сына, i Духа Святога.

Ваш старэйшы сябра,
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 лістапада 2022 г.,
ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.