2 лістапада падчас восеньскіх вакацый дзеткі Місіі наведалі Музей беларускай маляванкі, які прысвечаны традыцыйнаму роспісу маляваных дываноў.
Музей створаны сёлета ў рэстаўраваным будынку флігеля, які адзіны ацалеў ад былой сядзібы Пшаздзецкіх у Заслаўі. Па некаторых звестках, тут змяшчалася палацавая бібліятэка, карцінная галерэя і сцэна для тэатральных выступленняў. Падчас экскурсіі дзеткі даведаліся, што калекцыя маляваных дываноў Заслаўскага музея-запаведніка з’яўляецца найбагацейшай у Беларусі. У залах пастаяннай экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя дываны Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, у зале часовай экспазіцыі – дываны Фёдара Сухавілы, Іпаліта Ворсы, Ніканора Зосіка і іншых аўтараў. У мінулым стагоддзі “маляванкі” віселі на сценах у простых сялянскіх хатах, упрыгожваючы іх сціплыя інтэр’еры.
Спачатку дзеткі трапілі ў залу, дзе з палотнаў паглядаюць каляровыя львы, спяваюць невядомыя трапічныя птушкі, а ў зарасніках рагозу і гарлачыкаў плаваюць лебедзі. Імя Алены Кіш узгадваецца ў “Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва”, дзе даюцца звесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў-прымітывістаў свету. Музей-запаведнік у Заслаўі захоўвае адзіную ў Беларусі калекцыю маляваных дываноў Алены Кіш. Усяго ў Беларусі засталося 13 работ, у фондах музея-запаведніка захоўваецца 11. Дываны Кіш арыгінальныя па сюжэтах, яны не маюць аналогій у народным беларускім мастацтве. На дыванах яркімі фарбамі яна малявала выявы людзей, жывёл і птушак на фоне традыцыйнага ці экзатычнага пейзажу, стварала “райскі свет”.
Наступная зала з зорным небам – творчы космас Язэпа Драздовіча. Музей захоўвае самую вялікую калекцыю маляванак Драздовіча – 32 творы, якія з’яўляюцца прыкладам сінтэзу народнага і прафесійнага мастацтва. У карцінах адчуваецца казачнасць, душэўнасць і высокае майстэрства выканання. Драздовіч выяўляў на дыванах кветкавыя арнаменты, фантастычныя пейзажы і архітэктурныя матывы.
Пасля экскурсіі дзеткам пашанцавала паўдзельнічаць у майстар-класе з мастачкай Анастасіяй Балыш. Для ўдзельнікаў быў падрыхтаваны стол і фарбы ў экспазіцыйнай прасторы. Кожны маляваў свае ўражанні – краявіды з выявамі храмаў і замкаў, казачныя кветкі і жоўтыя львы. Як цудоўна, што музей практыкуе не толькі экскурсіі, а таксама музейныя заняткі. Метады музейнага майстар-класа арыентаваны на стварэнне магчымасцей для адукацыйнага развіцця, крэатыўнага мыслення, камунікацыі і рэалізацыі творчага патэнцыялу юных наведвальнікаў. Маляваць у музеі – гэта асабліва натхняльна і ўражліва!
Чытайце таксама пра наш першы візіт у Музей беларускай маляванкі падчас летняй пілігрымкі ў Заслаўе.